Call +375223378274
email: kancel@baa.by
Feedback

Гісторыя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі пачынаецца з 1836 г., калі царскім урадам было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Горыгорацкім маёнтку Магілёўскай губерні земляробчай школы. З 1837 па 1840 гады было пабудавана 35 будынкаў школы.

15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё школы. Яна мела два разрады – вышэйшы і ніжэйшы. Вышэйшы разрад рыхтаваў аграномаў і кіраўнікоў для казённых і прыватных маёнткаў, а ніжэйшы разрад – «земляробчых вучняў». Дзякуючы добрай арганізацыі вучэбнай працы, пераўладкаванні навучальнай гаспадаркі, запрашэнні кваліфікаваных выкладчыкаў школа хутка заваявала папулярнасць не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе.

У 1848 г. вышэйшы разрад земляробчай школы пераўтвораны ў земляробчы інстытут з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Гэта была першая ў Расіі вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова «з правам універсітэта». Замест ніжэйшага разрада школы створана земляробчае вучылішча, якое давала сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 1858 г. у Горках былі адкрыты «Класы прыватных каморнікаў і таксатараў».

У сувязі з удзелам у паўстанні 1863 г. земляробчы інстытут быў зачынены і пераведзены ў Пецярбург. У Горках працягнулі працу земляробчыя і рамесныя вучылішчы, каморніцка-таксатарскія класы і вучэбная ферма.

За перыяд з 1840 па 1863 гады ў Горках было створана першае ў свеце доследнае поле, закладзены першы ў Расіі ганчарны дрэнаж, пабудаваны конны завод з першай у Беларусі ветэрынарнай клінікай. Пры інстытуце працавала механічная майстэрня, былі пабудаваныя чыгуналіцейны завод, завод для вытворчасці дрэнажных труб.

Новая старонка ў гісторыі ВНУ пачалася ў 1919 г., калі рашэннем калегіі Наркамасветы РСФСР сельскагаспадарчы інстытут у Горках быў адноўлены. У 1925 г. у выніку аб’яднання Мінскага і Горацкага сельскагаспадарчых інстытутаў утворана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі ім. Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У 1931 г. на базе акадэміі створана адзінаццаць галіновых сельскагаспадарчых інстытутаў, з іх шэсць знаходзіліся ў Горках. У 1933 г. горацкія інстытуты зноў былі аб’яднаныя ў Беларускі сельскагаспадарчы інстытут.

У снежні 1940 г. інстытут урачыста адзначыў сваё 100-годдзе. За заслугі ў справе падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі БСГІ быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У гады вайны дзейнасць інстытута была перапыненая, а інстытуцкі гарадок ператвораны ў груды развалін.

У снежні 1945 г. БСГІ аднавіў сваю працу. У 1948 г. Пастановай Савета Міністраў інстытут ператвораны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У наступныя гады адбывалася далейшае паспяховае развіццё акадэміі: адкрыты новыя факультэты, пабудавана некалькі новых навучальных карпусоў, інтэрнатаў і жылых дамоў. З 1962 г. БСГА стала рыхтаваць спецыялістаў для замежных дзяржаў. У 1976 г. акадэмія ўзнагароджана другім ордэнам – ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У 1995 годзе БСГА была перайменавана ў Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію. У 1997 г. БДСГА прадастаўлены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы Рэспублікі Беларусь у галіне падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі.