Call +375223378274
email: kancel@baa.by
Feedback

Агратэхналагічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі – адзін са старэйшых і на сённяшні дзень самы буйны. Цяпер на факультэце навучаецца больш за 560 студэнтаў вочнай формы навучання. На факультэце ёсць 8 кафедр, на якіх працуе высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад колькасцю 96 чалавек, у тым ліку 9 дактароў навук, прафесараў; 76 кандыдатаў навук, дацэнтаў.

На агратэхналагічным факультэце ажыццяўляцца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» і «Ахова раслін і каранцін» з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнолаг” Тэхнолаг вырашае задачу ўдасканалення тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур, павышэння эфектыўнасці выкарыстання зямлі. «Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» – шматпрофільная спецыяльнасць аграрнай адукацыі, якая ахоплівае ўвесь спектр навуковых ведаў у сферы вырошчвання сельскагаспадарчых, лекавых і дэкаратыўных раслін.

Спецыяльнасць «Ахова раслін і каранцін» рыхтуе спецыялістаў, якія разбіраюцца ў сродках і метадах аховы раслін, уведамляюць ролю каранціну ў стабілізацыі фітасанітарнага стану і іх ролі ў стварэнні здаровага жыццёвага асяроддзя пражывання чалавека. Сёння гэтыя спецыяльнасці ўваходзяць у пералік найбольш запатрабаваных у нашай краіне.

Агратэхналагічны факультэт па праве ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх Старшыня Вярхоўнага Савета БССР У.Я. Лабанок; намеснік Прэм’ер-міністра РБ М.І. Русы; намеснік старшыні Савета Рэспублікі Л.К. Заяц, акадэмікі С.Г. Скарапанаў, П.І. Альсмік, В.П. Самсонаў, В.М. Шлапуноў, Л.У. Кукрэш і іншыя; Генеральны дырэктар РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробстве” Ф.І. Прывалаў; кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, кіраўнікі раённых выканаўчых камітэтаў і аграрных ведамстваў краіны, дэпутаты беларускага парламента.

Сярод выбітных селекцыянераў можна адзначыць Героя Сацыялістычнай Працы, прафесара Н.Д. Мухіна, а таксама акадэмікаў Л.У. Хатылёву, С.І. Грыба, членаў-карэспандэнтаў Г.І. Тарануху, А.У. Кільчэўскага, дактароў навук М.А. Кадырава, Н.П. Лукашэвіча, І.К. Копціка, С.А. Банадысева, І.А.  Гардзея і многіх інш.

У 1930 годзе быў створаны зоаінжынерны факультэт, які атрымаў сваю сучасную назву факультэт біятэхналогіі і аквакультуры ў 2015 годзе. За перыяд існавання факультэта падрыхтавана больш за 8 тысяч спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. На працягу гэтага перыяду факультэт уносіць істотны ўклад у забеспячэнне аграрных прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

На факультэце вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасцях (вочна і завочна) «заатэхнія» (у тым ліку скарочаны тэрмін навучання), «прамысловае рыбаводства». На дзённай форме вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па спецыялізацыі «птушкагадоўля».

Навучанне студэнтаў праводзяць на 6 кафедрах больш за 40 выкладчыкаў, у тым ліку: 6 дактароў навук, прафесараў і каля 30 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Маецца сучасная лабараторыя па прыкладной эндакрыналогіі, ветэрынарыі і біятэхналогіі, міжфакультэцкія генетычная лабараторыя, лабараторыя маніторынгу якасці малака, вучэбная пасека, навучальныя камп’ютарныя лабараторыі, птушкагадоўчая лабараторыя, акварыяльная, мікрабіялагічная лабараторыя, лабараторыя зоагігіены.

Выпускнікі спецыяльнасці «прамысловае рыбаводства» могуць не толькі працаваць у рыбаводных гаспадарках рэспублікі, але і займацца навуковымі даследаваннямі, накіраванымі на пошукі новых аб’ектаў рыбаводства i павышэнне рыбапрадуктыўнасці сажалак. Яны таксама могуць вывучаць пытанні аховы рыбных рэсурсаў, працаваць у запаведніках, нацыянальных парках, камітэтах па экалогіі і ахове жывёльнага і расліннага свету і іншых установах.

Выпускнікі спецыяльнасці «заатэхнія» працуюць у якасці кіраўнікоў і спецыялістаў на буйных аграрных прадпрыемствах, у селекцыйна-гібрыдных цэнтрах і на свінагадоўчых комплексах, племянных заводах, дзяржплемпрадпрыемствах, райплемстанцыях, птушкагадоўчых прадпрыемствах, у заапарках, запаведніках, кіналагічных цэнтрах, раённых і абласных службах, навукова-даследчых і навучальных установах.

Факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі заснаваны ў 1947 годзе. Выбітнымі выпускнікамі факультэта з’яўляюцца А. М. Калінін, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, А. М. Ісачэнка, губернатар Мінскай вобласці, кіраўнікі раённых выканаўчых камітэтаў, акадэмікі НАН Беларусі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый і многія іншыя.

У цяперашні час факультэт вядзе падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па трох спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі, такіх як: «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» (вочная і завочная формы атрымання адукацыі), «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» (скарочаны тэрмін навучання, вочная і завочная формы атрымання адукацыi», «тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ» (вочная форма атрымання адукацыі). На другой ступені вышэйшай адукацыі падрыхтоўка вядзецца па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» (вочная і завочная формы атрымання адукацыі) з прысваеннем кваліфікацыі «магістр тэхнічных навук».

У склад факультэта ўваходзяць шэсць кафедраў, аснашчаных сучасным абсталяваннем, вучэбны палігон, вучэбна-вытворчая майстэрня і дыягнастычная станцыя аўтамабіляў. На факультэце працуе высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, з якіх 8 дактароў навук, прафесараў, 39 кандыдатаў навук. На факультэце навучаюцца 788 студэнтаў.

Асаблівая ўвага на факультэце надаецца паглыбленай практыка-арыентаванай падрыхтоўцы спецыялістаў. Студэнты праходзяць практыку ў вучэбна-вытворчай майстэрні і на навучальным палігоне, на машынабудаўнічых, рамонтных і сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Працуючы ў складзе механізаваных атрадаў, студэнты факультэта займаюць прызавыя месцы ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Выпускнікі факультэта размяркоўваюцца для працы ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, арганізацыі тэхнічнага сэрвісу, навукова-даследчыя інстытуты, праектныя арганізацыі, машынавыпрабавальныя станцыі.

Землеўпарадкавальны факультэт – гэта ўнікальны і адзіны ў Рэспубліцы Беларусь факультэт, які з’яўляецца цэнтрам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для дзяржаўнай землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы краіны. Факультэт быў утвораны ў 1924 годзе, аднак яго гісторыя бярэ пачатак з адкрыцця ў 1859 годзе зямельна-таксатарскіх класаў пры Горыгорацкай земляробчай школе.

Факультэт ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод выбітных выпускнікоў землеўпарадкавальнага факультэта прафесары П. А. Атрушкевіч, П. В. Ковель, В. Ф. Калмыкоў, Ф. К. Курапаценка, А. А. Саламонаў, ганаровы доктар акадэміі Г. І. Кузняцоў, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь А. В. Літрэеў, генеральны дырэктар РУП «Праектны інстытут Белдзіпразем» У. В. Шалыпін і многія іншыя.

На землеўпарадкавальным факультэце ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па дзвюх спецыяльнасцях першай ступені і адной спецыяльнасці другой ступені вышэйшай адукацыі. На першай ступені вышэйшай адукацыі падрыхтоўка ажыццяўляецца па спэцыяльнасцях «землеўпарадкаванне» і «зямельны кадастр» (вочная форма атрымання адукацыі). На другой ступені вышэйшай адукацыі – па спецыяльнасцях «землеўпарадкаванне», «кадастр і маніторынг земляў» (вочная і завочная формы атрымання адукацыі).

У склад факультэта ўваходзяць тры кафедры, на якіх працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Кафедры аснашчаныя сучасным абсталяваннем, маюцца чатыры сучасныя камп’ютарныя класы, вучэбна-метадычны кабінет, вучэбна-геадэзічны палігон «Горкі».

Студэнты факультэта замацоўваюць тэарэтычныя веды і набываюць практычныя навыкі на вучэбна-геадэзічным палігоне «Горкі», на прадпрыемствах, падпарадкаваных Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь, у землеўпарадкавальных службах, абласных i Мiнскiм гарадскiм агенцтвах па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, іх філіялах і бюро.

Выпускнікі факультэта размяркоўваюцца ў арганізацыі, якія падпарадкаваныя Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь, у абласныя і гарадскія агенцтвы па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Меліярацыйна-будаўнічы факультэт з’яўляецца адным з найстарэйшых у акадэміі, які заснаваны ў 1919 годзе. Факультэт мае багатую гісторыю і добрыя традыцыі, стаўшы першым на тэрыторыі Беларусі па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў меліярацыйнага профілю.

Факультэт ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод іх – А. В. Аляксанкін, першы намеснік міністра меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, А. П. Басюкевіч, міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, таксама члены-карэспандэнты НАН Беларусі, заслужаныя дзеячы навукі, прафесары, кіраўнікі абласных аб’яднанняў і многія іншыя.

Факультэт вядзе падрыхтоўку па наступных спецыяльнасцях: «меліярацыя і водная гаспадарка» (вочная і завочная формы атрымання адукацыі), «меліярацыя і водная гаспадарка» (скарочаны тэрмін навучання, вочная форма атрымання адукацыі), «сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый» (вочная і завочная формы атрымання адукацыі), «сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый» (скарочаны тэрмін, вочная форма атрымання адукацыі). На другой ступені вышэйшай адукацыі падрыхтоўка ажыццяўляецца па спецыяльнасці «меліярацыя, рэкультывацыя і ахова зямель (вочная і завочная формы атрымання адукацыі).

Факультэт уключае ў сябе тры кафедры, на якіх працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, маецца лабараторны корпус, аснашчаны сучасным абсталяваннем.

Практыка-арыентаванае навучанне на факультэце ажыццяўляецца на даследным арашальным комплексе: «Тушкава», абсталяваным сучаснымі дажджавальнымі машынамі, на доследных меліярацыйных сістэмах, у базавых арганізацыях ГА «Белводгас», а таксама за межамі Рэспублікі Беларусь – у складзе міжнародных студэнцкіх будаўнічых атрадаў.

Выпускнікі факультэта размяркоўваюцца на працу ў праектныя інстытуты, будаўнічыя і эксплуатацыйныя арганізацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Эканамічны факультэт на I ступені вышэйшай адукацыі ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях: «эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах аграпрамысловага комплексу» (кваліфікацыя – эканаміст-арганізатар) вочнай, завочнай, у тым ліку скарочанай, формаў навучання, «сусветная эканоміка» (кваліфікацыя – эканаміст) вочнай формы навучання; на II ступені – «эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай». На факультэце працуе савет па абароне кандыдацкіх дысертацый, вядзецца падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспіранту і дактарантуру.

Выпускнікі факультэта паспяхова працуюць у розных галінах АПК Рэспублікі Беларусь, краінах блізкага і далёкага замежжа. Многія з іх сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, навукоўцамі, кіраўнікамі буйных устаноў, прадпрыемстваў. Мы па праву ганарымся тым, што першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка – выпускнік эканамічнага факультэта. Сярод вядомых выпускнікоў – надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Рэспублікі Беларусь У. В. Грыгор’еў, Л. У. Пакуш, А. М. Табанюхаў; намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь М. Г. Снапкоў; старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік НАН Беларусі У. Р. Гусакоў; рэктар УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт», доктар эканамічных навук, прафесар К. К. Шабека і многія іншыя.

Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта прадстаўлены высокакваліфікаванымі спецыялістамі, якія маюць вялікі вопыт педагагічнай, навуковай і практычнай працы. На 5 кафедрах працуюць 8 дактароў навук, прафесараў, 24 кандыдаты навук, дацэнты. Кафедры аснашчаныя сучасным камп’ютарным абсталяваннем з неабходным праграмным забеспячэннем.

Эканамічны факультэт прапануе поўны набор паслуг у галіне эканамічнай адукацыі. Складзеныя традыцыі, структура навучання, прафесарска-выкладчыцкі склад і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, дазваляюць рыхтаваць дасведчаных, кваліфікаваных спецыялістаў, якія адказваюць патрабаванням міжнародных стандартаў.

Факультэт бухгалтарскага ўліку на I ступені вышэйшай адукацыі ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт» (кваліфікацыя – эканаміст), «фінансы і крэдыт» (кваліфікацыя – эканаміст) вочнай, завочнай, у тым ліку скарочанай, формаў навучання, на II ступені – па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, статыстыка».

У падрыхтоўцы спецыялістаў улікова-фінансавага профілю прымаюць удзел 6 дактароў навук, прафесараў, 16 кандыдатаў навук, дацэнтаў. У рашэнні ўлікова-аналітычных задач студэнты авалодваюць найноўшымі тэхналогіямі, даведачна-аналітычнымі сістэмамі і спецыялізаванымі праграмнымі прадуктамі па аўтаматызацыі бухгалтарскага ўліку («1С бухгалтэрыя», «Бухстат», «БІЗНЕС-ІНФА», «Бест» і інш.).

Для праходжання вытворчай практыкі студэнты накіроўваюцца на вядучыя прадпрыемствы сістэмы АПК, у фінансавыя органы і банкаўскую сферу. Гэта дае магчымасць выпускнікам зразумець спецыфіку прафесійнай дзейнасці, праверыць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы і магчымасці будучага працаўладкавання. Студэнты, якія дасканала валодаюць замежнымі мовамі, маюць магчымасць праходжання вытворчай практыкі за мяжой.

Прафесійная кваліфікацыя дазваляе выпускнікам працаваць на пасадах бухгалтараў, эканамістаў і спецыялістаў на аграпрамысловых прадпрыемствах усіх формаў уласнасці, у дзяржаўных кантрольных, фінансавых і падатковых органах, банках, інспекцыях Міністэрства па падатках і зборах, Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, страхавых кампаніях, міністэрствах і ведамствах.

Факультэт кіруецца прынцыпам міжнароднай асацыяцыі бухгалтараў: «Навука, сумленне, незалежнасць» і з’яўляецца перспектыўным для таленавітых, энергічных і амбіцыйных выпускнікоў школ і каледжаў.

Факультэт кіравання і сацыяльных камунікацый ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па спецыяльнасцях «Правазнаўства» (кваліфікацыя – юрыст), «Камерцыйная дзейнасць» і «Камерцыя» (кваліфікацыя – эканаміст), «Маркетынг» (кваліфікацыя – маркетолаг. Эканаміст), а таксама магістраў – па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне».

Факультэт мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. Функцыянуюць навучальная зала судовых пасяджэнняў, пяць навучальных лабараторый і камп’ютарных класаў, бізнес-лабараторыя, лабараторыі таваразнаўства, арганізацыі гандлю і гандлёвага абсталявання; маркетынгавых даследаванняў і крыміналістыкі.

На кафедрах у сучасны час працуюць 4 прафесары, 18 дацэнтаў, 20 старшых выкладчыкаў, 3 выкладчыкі.