«Я люблю вас, людзi!»
1 лютага 2023 года спаўняецца 85 год з дня нараджэння беларускай паэтэсы, празаіка, драматурга, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Анэлі Іванаўны Тулупавай. Яе лёс быў цесна звязаны з Горкамі, акадэміяй, у нашым горадзе прайшло больш 10 гадоў яе жыцця. У Горках яна працавала спачатку медсястрой, інструктарам раённага Дома культуры, загадчыкам аддзела райкама камсамола, а потым доўгі час была рэдактарам газеты «Советский студент».
У 2001 годзе Анэлі Іванаўны не стала, але з намі засталіся яе вершы, засталася яе вера у дабрыню і каханне, з намі застаўся яе шчыры зварот да усіх нас: “Я люблю вас, людзі!”
Да юбілею паэтэсы аддзел гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі ім. Д. Р. Новікава падрыхтаваў буклет, які дапаможа ўспомніць гэтую светлую жанчыну з такой адкрытай і трапяткой душой і яе паэзію – з глыбокімі пачуццямі, яркімі вобразамі, прыгожымі рыфмамі. Успомніць і адчуць, што яна, Анэля Тулупава, беларуская ластаўка, сапраўды разам з намі, бо памяць – гэта працяг жыцця чалавека ў нашых душах.
Кнігі вершаў Анэлі Тулупавай чакаюць вас у нашай бібліятэцы, прыходзьце за імі і дакраніцеся да паэтычных радкоў аб непаўторнасці, казачнасці жыцця, аб каханні, аб дабрыні чалавека ў яе розных праяўленнях.
Аддзел гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі ім. Д. Р. Новікава УА БДСГА