«А на зямлi яго не згасне свет»
Пад такой назвай ў бібліятэцы імя Д. Р. Новікава прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 140-годдзю магутнага нацыянальнага паэта, глыбокага, удумлівага празаіка, драматурга, публіцыста, педагога, перакладчыка, вучонага і грамадскага дзеяча Якуба Коласа. Мерапрыемства прайшло якраз у дзень яго нараджэння – 3 лістапада. Супрацоўнікі аддзела гуманітарна-асветніцкай работы наладзілі да паэтычнай сустрэчы выставу твораў класіка і кніг аб яго жыцці і творчасці, пазнаёмілі прысутных з храналогіяй прыездаў паэта ў акадэмію.
Галоўнымі дзеючымі асобамі на сустрэчы сталі вершы Якуба Коласа, гэтыя шэдэўры паэтычнага слова. Шчырыя радкі аб нашай Радзіме, аб прыродзе, аб каханні – аб тым, што так заўседы хвалявала паэта – гучалі ў выкананні ўдзельнікаў клуба творчай моладзі “Дэбют” – Дарожка Паліны, агратэхналагічны факультэт, 1/7; Жаўняк Юліі, эканамічны факультэт, 2/1; Пшэннікавай Веранікі, эканамічны факультэт, 2/4; Нарановіч Наталлі, эканамічны факультэт, 2/4; Рыбачонак Яўгена, факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі, 1/2; Чарнагаловай Алёны, эканамічны факультэт, 4/4 (кіраўнік Вікторыя Сяргееўна Гардзеева).
На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты факультэта біятэхналогій і аквакультуры (намеснік дэкана Святлана Мікалаеўна Почкіна).
На памяць аб сустрэчы з творчасцю Якуба Коласа прысутным былі ўручаны кніжныя закладкі з яго вершамі.
Аддзел гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава УА БГСХА
Фота Аляксандра Гурыкава