Знаёмцеся: маладыя галасы «Парнаса»
Заўсёды з задавальненнем паведамляем аб новых кнігах у нашай бібліятэцы і ўдвая прыемней знаёміць карыстальнікаў сайта з тымі мастацкімі выданнямі, што друкуюцца ў акадэміі і аўтарамі якіх з’яўляюцца нашы выкладчыкі і студэнты.
Трэба адзначыць, што такія кнігі выходзяць з-пад пяра нашых творцаў рэгулярна: гэта і творы асобных аўтараў і калектыўныя зборнікі. Для прыкладу нагадаем толькі “Акадэмічныя вянкі”, якіх выйшла ўжо сем выпускаў. І на старонках гэтых калектыўных зборнікаў заўсёды можна было сустрэць літаратурныя творы нашых маладых аўтараў – і паэтычныя, і празаічныя.
А сёння мы знаёмім вас з кнігай, пад вокладкай якой сабраліся творы толькі прадстаўнікоў маладога пакалення. Выданне так і называецца – “Маладыя галасы “Парнаса””. У ім гучаць галасы 45 аўтараў (выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, выпускнікоў акадэміі) ва ўзросце да 33 год. Галасы гэтыя вельмі розныя – удумлівыя, разважлівыя, лірычныя, занепакоеныя, але ўсе разам яны склаліся ў цікавую і разнастайную мелодыю, якая сведчыць аб тым, што ў акадэміі, як і заўсёды, вучыцца і працуе адораная моладзь, якой неабходна дапамагчы раскрыць свой літаратурны талент. Гэта ў нашай навучальнай установе заўсёды рабілася і робіца зараз і зборнік маладых аўтараў вельмі добра гэта падкрэслівае.
Дададзім, што ўсе аўтары з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі акадэмічных, раённых і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў.
Знаёмцеся з творамі нашай моладзі і вы адчуеце, што яе непакоіць, аб чым яна думае і марыць. Зборнік чакае вас у бібліятэцы!
Упэўнены, што маладыя галасы будуць заўсёды гучаць з нашага акадэмічнага літаратурнага “Парнаса”!
Марыя Студнёва, галоўны бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава.