тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь

01.11.2022

«Пра песняра Радзiмы сiнявокай» (віртуальная выстава кніг аб жыцці і творчасці Якуба Коласа)

Карыстальнікі сайта ўжо маглі пазнаёміцца з віртуальнымі выставамі твораў Якуба Коласа на рускай і беларускай мовах. Але ж мы палічылі, што будзе неабходным пазнаёміць вас яшчэ і з тымі кнігамі, якія прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа і захоўваюцца на паліцах акадэмічнай бібліятэкі.

Спадчына паэта, празаіка, драматурга, крытыка, публіцыста, перакладчыка, вучонага, яго жыццёвы шлях заўсёды былі ў цэнтры ўвагі беларускіх літаратуразнаўцаў і навукоўцаў. Вывучэннем жыццёвага шляху і творчасці Якуба Коласа многія гады плённа займаецца адна з самых актыўных галін беларускай літаратурнай навукі – коласазнаўства. А пачалося вывучэнне яшчэ ў далёкім 1906 годзе, калі адбыўся літаратурны дэбют паэта вершам “Наш родны край” і мінская газета “Голос провинции” змясціла водгук Дарафея Бохана: “Верш вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю”. Арыгінальнасць таленту Якуба Коласа падкрэсліваў Напалеон Чарноцкі ў газеце “Минский курьер” (1908).

Сістэматычнае вывучэнне творчасці Коласа пачалося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1920 годзе ў выдадзенай у Вільні “Гісторыі беларускай літаратуры” Максіма Гарэцкага Колас быў названы вядучым прадстаўніком рэалістычнага накірунку, класікам беларускай літаратуры, адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы.

У фондзе бібліятэкі імя Д. Р. Новікава захоўваюцца кнігі, якія прысвечаны біяграфіі паэта і яго літаратурнай дзейнасці. Трэба адзначыць, што кнігі гэтыя самыя розныя – ад невялікіх папулярна-пазнавальных брашур да сур’ёзных літаратуразнаўчых прац. Гэта выданні, у якіх сабраны цёплыя, усхваляваныя водгукі, цікавыя і трапныя выказванні аб Якубе Коласе і яго творчасці тых людзей, з якімі ён быў знаёмы, і гэта кнігі энцыклапедычнага характару, у якіх даследуецца ўсё, што звязана з імем народнага песняра. Дзякуючы гэтым выданням мы і ў ХХІ стагоддзі маем магчымасць атрымаць поўнае і глыбокае ўяўленне пра нацыянальную адметнасць класіка, пра яго феномен і ўнікальнасць.

Наяўнасць такіх кніг у нашым фондзе зноў нагадвае аб яго ўніверсальнасці і рознабаковасці. Кожнаму чытачу, які захоча падрабязна даведацца аб фактах біяграфіі паэта, аб асаблівасцях яго мастацкага стылю гэтыя выданні стануць добрымі памочнікамі. Знаёмцеся з імі зараз і прыходзьце за гэтымі кнігамі ў бібліятэку акадэміі імя Д. Р. Новікава!

Віртуальная выстава кніг аб жыцці і творчасці Якуба Коласа

Аддзел гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава УА “БДСГА”