О нас пишут
ЧЫМ СЁННЯ ЖЫВЕ НАЙСТАРЭЙШАЯ КУЗНЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ КАДРАЎ БЕЛАРУСІ
Сёлетні год для Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі праходзіць пад знакам 185-годдзя. За перыяд свайго існавання яна падрыхтавала больш чым 110 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, многія з якіх сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, вучонымі, кіраўнікамі буйных устаноў і прадпрыемстваў. 24 выпускнікі акадэміі атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы, два — Героя Савецкага Саюза, 16 — заслужаных дзеячаў навукі і тэхнікі, 60 — заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі.
Акадэмія ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці — адна з найбуйнейшых шматпрофільных устаноў аграпрамысловага кірунку сярод краін СНД і Еўропы. «Я ганаруся сваёй прыналежнасцю да маёй акадэміі. Усім, хто прыйдзе ў яе сцены, жадаю творчага натхнення і паспяховага ўзыходжання да вяршынь ведаў. Маім любімым настаўнікам — мая глыбокая падзяка». Гэтыя словы, якія Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напісаў на старонках сімвалічнай Кнігі ведаў у галоўным навучальным корпусе, натхняюць юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць атрымаць якасную адукацыю і стаць паспяховымі ў сваёй краіне. Дыпломы БДСГА прызнаюцца ў дзясятках краін свету. Гэта сведчыць аб прэстыжнасці і канкурэнтаздольнасці спецыялістаў на рынку працы.
За апошнія пяць гадоў вышэйшая навучальная ўстанова двойчы станавілася лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў вобласці якасці.
Рэктар БДСГА Віталь Веліканаў адзначае, што акадэмія заўсёды мела высокі статус сярод іншых вышэйшых навучальных устаноў. Па рэйтынгу unіRank яна займае першае месца сярод беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі аграрнага профілю і 13-е сярод 43 ВНУ краіны. На яе рахунку шмат навуковых распрацовак і вынаходніцтваў. Толькі за апошні год у сценах ВНУ створаны 21 від навукова-тэхнічнай прадукцыі.
Тут сур'ёзна працуюць з маладымі вучонымі.
— Калі па нейкіх кірунках не атрымліваецца рабіць гэта ў Беларусі, выходзім на міжнародны ўзровень, — удакладняе Віталь Віктаравіч. — Напрыклад, у нашай краіне няма вучонага савета па меліярацыі, а гэты кірунак для нас вельмі важны. І мы наладзілі адносіны з ВНУ Масквы і Варонежа. Ужо 12 нашых выкладчыкаў там абараніліся.
Наогул, акадэмія дынамічна развівае супрацоўніцтва з замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Заключана 160 дагавораў аб супрацоўніцтве, з якіх 20 толькі за апошні год. Сярод партнёраў — Расійскі аграрны дзяржуніверсітэт імя К. Ціміразева, Бурацкая сельскагаспадарчая дзяржакадэмія, Петразаводскі дзяржуніверсітэт і іншыя.
Цікавы праект у галіне раслінаводства рэалізуецца з Паўночна-Заходнім універсітэтам сельскай і лясной гаспадаркі Кітая. Па выніках яго атрыманы сумесны беларуска-кітайскі сорт пшаніцы, які сёння праходзіць дзяржвыпрабаванне.
Асаблівы гонар ВНУ — яе прафесарска-выкладчыцкі склад, амаль 62 % якога мае вучоную ступень. Для параўнання: сярэдні па краіне паказчык — 45 %. Усяго ў акадэміі працуе каля 1450 чалавек.
На дзевяці факультэтах акадэміі вучацца вочна і завочна 7600 студэнтаў, падрыхтоўка вядзецца па 21 спецыяльнасці І ступені і 9 спецыяльнасцях ІІ ступені (магістратура). Больш чым 300 студэнтаў — прадстаўнікі 18 краін свету. Вялікім попытам у абітурыентаў карыстаюцца спецыяльнасці «землеўпарадкаванне і кадастры», «водныя біярэсурсы і аквакультура», «будаўніцтва будынкаў і збудаванняў», «тэхнічны сервіс у АПК», «аграбізнес», «правазнаўства», «маркетынг», «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт», «тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі», «абарона раслін і каранцін». У бліжэйшы час стартуе праграма падрыхтоўкі механізатараў для Батсваны. У афрыканскай краіны ёсць патрэба ў кароткатэрміновых курсах для гэтых работнікаў. І вучэбны працэс вырашана арганізаваць на базе менавіта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Шмат увагі тут удзяляецца падрыхтоўцы мэтавікоў (больш падрабязна, як акадэмія працуе ў гэтым кірунку, «Звязда» пісала ў чэрвені). За кожным раёнам Беларусі замацаваныя супрацоўнікі акадэміі, якія сумесна з кіраўнікамі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні вядуць шырокую прафарыентацыйную дзейнасць з навучэнцамі, арганізоўваюць для іх экскурсіі. Сёлета на вучобу ў БДСГА прыйшлі 272 мэтавікі.
— Хочацца падзякаваць усім тым, хто пад свае заяўкі накіраваў адпаведную колькасць чалавек, — адзначае рэктар. —Дзяржкаммаёмасць Рэспублікі Беларусь нам нават конкурс забяспечыў — падаў заяўку на 40 землеўпарадчыкаў, а накіраваў 42 чалавекі. На жаль, не ўсе ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні дапамагаюць нам рэзультатыўна вырашаць праблему, накіроўваюць нашмат менш чалавек, чым указваюць у заяўках. Прыемна адзначыць, што цікавасць да сельскіх прафесій сёння назіраецца і сярод гараджан. Маладыя людзі разумеюць, што ў гэтай галіне хутчэй змогуць пабудаваць кар'еру, атрымаць дом, машыну.
Сёння акадэмія — буйная установа, цалкам аснашчаная ўсім неабходным для адукацыі, практыкі і адпачынку студэнтаў. Памеры акадэмгарадка ўражваюць. На яго тэрыторыі размешчаны 16 навучальных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, бібліятэка з кніжным фондам больш чым адзін мільён экзэмпляраў, Палац культуры, спартыўна-аздараўленчы комплекс з басейнам, лёгкаатлетычным манежам, тэнісным кортам, іншымі спартыўнымі пляцоўкамі, ёсць крамы, банкаматы. А прыгажосцю тутэйшых лакацый захапляюцца ўсе без выключэння — каскад азёр, багаты раслінны свет. Горкі за гэту прыгажосць нават называюць невялічкай беларускай Швейцарыяй. Уражвае разнастайнасцю форм і разнавіднасцяў расліннага свету адзін з найстарэйшых Батанічных садоў Беларусі, які быў заснаваны ў 1847 годзе яшчэ пры Гарыгарэцкай земляробчай школе. У яго аранжарэі сабраныя сотні экзатычных дрэў і раслін, у тым ліку з тропікаў і субтропікаў
Установа мае багатую і цікавую гісторыю. У яе музеі захоўваецца шмат рэдкіх прадметаў і дакументаў. Убачыць іх можна нават на адлегласці. На сайце акадэміі ёсць некалькі віртуальных экскурсій, зробленых з дапамогай 3D-тэхналогій.
Тут ганарацца сучаснымі аб'ектамі, якія забяспечваюць якасную падрыхтоўку спецыялістаў. Сярод іх значацца вучэбны палігон, плодагадавальнік, дыягнастычная станцыя. На базе акадэміі ў 2018 годзе быў створаны «Тэхнапарк «Горкі», у 2020-м укаранёныя трэнажоры па аквакультуры, якія выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы спецыялістаў для рыбагаспадарчай галіны.
— Для нас стала добрай традыцыяй да 1 верасня новага навучальнага года адкрываць чарговы інавацыйны аб'ект, — падкрэслівае кіраўнік ВНУ. — З 2021 года у нас з'явіліся вучэбна-выставачны цэнтр з лабараторыяй інавацыйнай сельгастэхнікі, лабараторыі дакладнага земляробства і ўзнаўлення сельскагаспадарчых жывёл, спецыялізаваная вучэбная аўдыторыя «Міжнародны цэнтр перамоў», навукова-адукацыйны цэнтр «Лічбавая жывёлагадоўля», Беларуска-Кітайскі цэнтр сельскагаспадарчай біятэхналогіі і штучнага інтэлекту» і іншыя. Сёлета, у свой юбілейны год, адкрываем новыя лабараторыі пры вучэбна-практычным цэнтры па прыродаўладкаванні і будаўніцтве, а таксама пры навукова-адукацыйным цэнтры «Лічбавая жывёлагадоўля». Для нас вельмі важна забяспечыць высокую якасць адукацыі і падрыхтаваць годнага спецыяліста для сваёй дзяржавы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з сайта БДСГА
Источник – сайт газеты «Звязда» от 14.08.2025 г.