О нас пишут
З любоўю пра акадэмію
Студэнцкія гады – гэта самы цудоўны перыяд у жыцці чалавека. Час надзей і светлых імкненняў, мар і новых адкрыццяў.
Час, калі для ўчарашніх школьнікаў адчыняюцца глыбіні навуковага свету і ўся рэчаіснасць, што іх акружае, становіцца вялікай творчай лабараторыяй. Выпускнікі школ спасцігаюць гэтыя ісціны ў аўдыторыях розных вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.
Наша суразмоўца Шафаловіч Юлія, студэнтка 2-га курса эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, упэўнена, што абраная ёю ВНУ стане цудоўнай стартавай пляцоўкай у жыцці.
Малая радзіма Юліі – аграгарадок Дубіна Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю дзяўчына атрымала ў Гародзькаўскай школе. “Я ўдзячна настаўнікам за іх самаадданую працу, за тое, што яны кожны дзень аддавалі нам, дзецям, часцінку сябе. Асабліва хачу выказаць словы падзякі дырэктару школы Чабай Таццяне Іосіфаўне. Менавіта яна дапамагла мне выбраць правільны шлях у жыцці”, – з асобай цеплынёй адзначае Юлія.
Студэнтка лічыць, што паступленне ў БДСГА – гэта адно з важнейшых дасягненняў у яе жыцці. І гэта сапраўды так.
Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, што знаходзіцца ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці, з’яўляецца буйнейшай шматпрофільнай вышэйшай установай адукацыі аграпрамысловага напрамку сярод краін СНД і Еўропы. Паводле рэйтынгу Webometrics, БДСГА займае першае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі аграрнага профілю Беларусі.
За сваю гісторыю БДСГА падрыхтавала больш за 110 000 высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны і іншых галін народнай гаспадаркі. Акадэмія ганарыцца тым, што яе выпускніком з’яўляецца Прэзідэнт нашай краіны – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Многія выпускнікі акадэміі сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, вучонымі, кіраўнікамі буйных устаноў, прадпрыемстваў і зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё народнай гаспадаркі Беларусі.
“Акадэмія – гэта цудоўны студэнцкі гарадок. Усё знаходзіцца побач: вучэбныя карпусы, бібліятэка, сталовая, камфартабельны інтэрнат. Выкладчыкі на самым высокім узроўні валодаюць сваім прадметам, заўсёды добразычлівыя, гатовыя дапамагчы нам. Мы можам звярнуцца да іх літаральна па любым пытанні і кожны раз знойдзем падтрымку, атрымаем неабходную параду”, – з захапленнем расказвае Юлія.
Акрамя вучобы, у БДСГА ёсць усе магчымасці для заняткаў спортам: працуе вельмі добры спартыўны комплекс са стадыёнам, басейнам і сучаснай пляцоўкай для міні-футбола. Таксама ў акадэміі функцыянуе Цэнтр студэнцкай мастацкай творчасці. Тут чакаюць усіх, хто піша вершы, любіць спяваць ці танцаваць.
Юлія лічыць, што “кожны дзень у акадэміі – гэта магчымасць адкрыць для сябе штосьці новае, таму трэба цаніць гэтыя моманты знаходжання тут і імкнуцца да самарэалізацыі і самаўдасканалення”.
У маці Юліі Ірыны Аляксандраўны таксама склаліся толькі самыя добрыя ўражанні ад БДСГА. “Акадэмія адкрывае мноства магчымасцей для студэнтаў. Канешне, куды паступаць і кім быць – гэта асабістая справа кожнага, але я рэкамендую БДСГА”, – адзначыла Ірына Аляксандраўна.
Шаноўныя абітурыенты! Калі вы хочаце стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў галіне сельскай гаспадаркі, паступайце ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Станьце часткай нашай вялікай дружнай каманды!
Уся падрабязная інфармацыя па пытаннях уступнай кампаніі ў БДСГА размешчана на афіцыйным сайце www.baa.by.
Любоў Селібірава,
дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін УА БДСГА.
Газета «Працоўная слава» ад 18 красавіка 2025 г.