тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
20.02.2023

О нас пишут

О на пишут

Генеральны дырэктар агракамбіната «Ждановічы» Рыгор Чуйко: «У рыначных умовах выжыве толькі аб'яднанне моцных»

Другое стагоддзе адлічвае мінскае ўнітарнае прадпрыемства «Агракамбінат «Ждановічы». Тут склалася шматгранная структура вытворчасці. Чвэрць стагоддзя кіруе буйным інтэграцыйным сельгаспрадпрыемствам, створаным на базе некалькі гаспадарак, выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Рыгор ЧУЙКО. Агульная плошча сельгасугоддзяў агракамбіната перавышае 17 тысяч гектараў. На дзевяці жывёлагадоўчых фермах звыш 7 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль палова –  удойныя каровы. Ёсць сучасны свінакомплекс і адзіная ў рэспубліцы лабараторыя па развядзенні чмялёў. Па ініцыятыве кіраўніка паўтара дзесяцігоддзя таму пасадзілі сад, у цяпліцах, акрамя гародніны, вырошчваюць ружы.

Вытворчую дзейнасць Рыгор Пятровіч паспяхова спалучае з грамадскай работай: выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі трэцяга склікання, удзельнічаў у рабоце Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД па аграрнай палітыцы, прыродных рэсурсах і экалогіі, ён дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

Працоўная дзейнасць кіраўніка адзначана ордэнам Пашаны, ганаровым званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі», шматлікімі юбілейнымі медалямі, ганаровай граматай Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД. Адзначаўся як «Чалавек года Мінскай вобласці».

На нядаўняй нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння пры абмеркаванні праблемы нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці гародніны Аляксандр Лукашэнка параіў скептыкам «заехаць да Чуйко, паглядзець, ён навучыць. Трэба проста шавяліцца».

І сапраўды, чаму можна павучыцца ў працаўнікоў унітарнага прадпрыемства «Агракамбінат «Ждановічы» і яго энергічнага кіраўніка Рыгора Чуйко? Калі аналізаваць дзейнасць калектыву, нельга не заўважыць, што нарошчваюцца аб'ёмы вытворчасці гародніны, збожжавых, прадукцыі жывёлагадоўлі. Рыгор Пятровіч узгадвае, што з першых дзён кіраўніцтва сельгаспрадпрыемствам актыўна ўзяўся за вытворчую дзейнасць. Асаблівую ўвагу звярнуў на агародніцтва. Агуркі, таматы і іншую гародніну ў гаспадарцы вырошчвалі ў спецыяльных цяпліцах, размешчаных на заходнім ускрайку сталіцы. Апошні ўраджай там сабралі летась. Вясною збудаванні пачнуць разбіраць. Цяпер прадукцыю дае новы камп'ютарызаваны цяплічны комплекс, агульная плошча якога амаль 20 гектараў. Свежая прадукцыя праз створаную сетку ўласных магазінаў у сталіцы і прыгарадзе напрамую пастаўляецца да спажыўца. Летась сабралі яе звыш 13,5 тысячы тон, што складае больш як 12 працэнтаў ад агульнага аб'ёму вырашчанай у цяпліцах рэспублікі гародніны і чацвёртую частку ў сталічнай вобласці. У новых цяпліцах у асноўным агуркі і ружы. Спрабавалі ў зімовы перыяд высаджваць памідоры, але яны патрабуюць шмат свету і цяпла. Ура­джайнасць ад штучнага асвятлення меншая ўдвая, таму вырашылі вырошчваць таматы толькі з вясны да восені.

– Рыгор Пятровіч, агуркі і ружы, якія зараз растуць у цяпліцах агракамбіната, – розныя па агратэхніцы культуры. Як кажуць, нельга ў адны калёсы запрэгчы каня і трапяткую лань. Як вам гэта ўдаецца?

– Жаданне і цярпенне ўсё перамагаюць. У двухмільённым мегаполісе гэта прадукцыя запатрабавана круглы год. Наша задача вырасціць яе якаснай і паставіць спажыўцам. У аснову вырошчвання як агуркоў, так і руж закладзена сучасная тэхналогія. На працягу года двойчы высаджваем расаду агуркоў, а ружы ўвесь час радуюць квітнеючымі бутонамі. Пасадачны матэрыял закупляем у Галандыі, тэхналогія прадугледжвае замену іх праз пяць гадоў. У нашай цяпліцы яны ўжо шосты год красуюць.

Кажуць, лепш аднойчы ўба­чыць, чым сто разоў пачуць. Ад адміністрацыйнага корпуса агра­камбіната на легкавіку перасякаем мінскую кальцавую магістраль і, пятляючы па звілістай асфальтаванай дарозе, вынырваем на роўную мясцовасць, забудаваную высокімі цяпліцамі. Побач з імі спецыяльнае памяшканне, адкуль па камп'ютарызаванай праграме падаецца раслінам спажывальны раствор. Мінеральныя дабаўкі да яго раней набывалі ў еўрапейскіх партнёраў. Пасля ўвядзення санкцый перайшлі на расійскі і беларускі тавар. Пільна сочыць за выкананнем тэхналогіі вырошчвання начальнік вытворчасці закрытага грунту На­дзея Рубан. У калектыве агароднікаў яна больш як 20 гадоў.

Праз санпрапускнік у спецадзенні і поліэтыленавых бахілах пераступаем парог і трапляем у сапраўдны райскі куток, дзе пануе лета. Дзень выдаўся сонечны, і, як толькі промні успыхнулі ярчэй, аўтаматычна адключылася штучнае асвятленне. Выцягнутыя на некалькі метраў уверх плеці агуркоў увешаны пладамі. Надзея Аляксееўна ўдакладняе, што ўраджай збіраецца штодзённа, акрамя выхадных. Гэта культура любіць вільгаць, святло і цяпло. У больш спрыяльныя дні на рэалізацыю адпраўляецца да 15 тон ураджаю. У перыяд вырошчвання гародніны мінімальна выкарыстоўваюцца хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднікамі і захворваннямі раслін. Сярод буйства лапушыстых лістоў праз пэўны прамежак развешаны невялікія папяровыя пакеты з «карыснымі» жыхарамі, якія харчуюцца кляшчамі, тлёй, белакрылкай. Перад тым як адправіць агародніну ў гандлёвую сетку, яе правяраюць у спецыяльнай лабараторыі. У адкрытым грунце вясною пачнуць вырошчваць капусту. Падрыхтавана поле і для высаджвання бульбы. Прывабная свежасцю і прыгожым выглядам ждановіцкая гародніна не залежваецца на прылаўках: пастаўляецца ў дзіцячыя садкі, школы, установы аховы здароўя, таксама экспартуецца ў Расію.

Былі ў гаспадарцы намеры на вырошчванне экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі, але, як паказала практыка, пакуль затраты не апраўдваюць сябе. Рынак прымушае рэалізоўваць тавар па той цане, якая, з аднаго боку, выгадна яму, а з другога – даступна спажыўцу. Ждановіцкая гародніна і садавіна бясспрэчна якасная. Тыя ж іспанскія ці турэцкія памідоры здымаюцца недаспелымі, чым парушаецца тэхналогія. Для вырошчвання іх у гэтых паўднёвых краінах не патрабуецца столькі электраэнергіі, як у нашых кліматычных умовах. Сабекошт вытворчасці прадукцыі там выходзіць меншы. Таму ў зімовы перыяд беларуская прадукцыя па цэнах часам уступае імпартнай, але па якасці ёй няма роўных.

Крочым праз невялікі светлы калідор і трапляем у сапраўднае царства квітнеючых руж розных колераў і памераў. Акрамя ашаламляльнай прыгажосці кранае пяшчотны водар кветак. Агароднік Таццяна Гурына завяршыла чарговы зрэз руж. Тэхналагічны працэс у цяпліцы пільна кантралюе старшы майстар Дар'я Смольская. Штодзённа ў гандлёвую сетку сталіцы адпраўляецца звыш 12 тысяч руж.

Па традыцыі кожнаму юбіляру (у калектыве звыш тысячы чалавек) уручаецца букет свежых руж і грашовая прэмія. Дарэчы, сярэднямесячны заробак летась вырас амаль на 250 рублёў і перасягнуў паўтары тысячы.

– І сапраўды, як адзначыў на важнай нарадзе Прэзідэнт, трэба шавяліцца, – перакананы Рыгор Чуйко. – Пад ляжачы камень вада не цячэ. У кожным сельгаспрадпрыемстве свае асаблівасці, і іх трэба ўлічваць для павелічэння вытворчасці прадукцыі. Электраэнергіі ў краіне вырабляецца дастаткова, ёсць усе ўмовы, каб забяспечыць айчынны рынак уласнай гароднінай. Развіваем агародніцтва, але ўлічваем, што значную частку фінансавых паступленняў атрымліваем за прадукцыю жывёлагадоўлі. Штогадова павялічваем аб'ёмы вытворчасці малака, ялавічыны і свініны. За мінулы год больш як на паўтысячу тон атрымалі малака, агульны аб'ём яго дасягнуў амаль 22 600 тон. Гадавы надой на карову набліжаецца да 8 тысяч кілаграмаў, а на малочна-таварнай ферме «Фрунзе», дзе дойных рагуль абслугоўваюць робаты, – 8,4 тысячы. Амаль увесь прадукт рэалізуем на перапрацоўку класам экстра.

Займаемся і адкормам буйной рагатай жывёлы. Летась атрымалі амаль на 180 тон больш ялавічыны, агульны аб'ём перавысіў 1120 тон. Дзясяты год дзейнічае ў дзяржынскай вёсцы Плашава свінакомплекс, разлічаны на 18 200 галоў. На ўласным мясаперапрацоўчым цэ­ху наладзілі вытворчасць мясных вырабаў. Рэалізуем іх у магазінах агракамбіната. Зай­маемся і са­доўніцтвам. Паўтара дзесяцігоддзя таму побач з вёскай Яркава пасадзілі сад. Пазней разбілі такія ж каля вёсак Новы Двор і Сёмкава. Цяпер агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў перавысіла 400 гектараў. У нас 28 сартоў яблынь, груш, ёсць ароніі, слівы, парэчкі. Летась сабралі амаль 2600 тон садавіны і ягад, займелі свой пчальнік, на ім звыш паўтысячы вуллёў. У лабараторных умовах выводзім чмялёў. Інтэнсіўна развіваемся ў розных накірунках.

– Рыгор Пятровіч, ці складана быць кіраўніком такога шматпрофільнага сельгаспрадпрыемства?

– Залежыць ад таго, як да сваіх абавязкаў ставіцца. Іншага занятку сабе не ўяўляю. Бывае ў тры гадзіны ночы падымуся – і за руль. Еду на МТФ «Фрунзе», дзе робаты круглыя суткі не спыняюць работу. Зазірну на ферму, свінакомплекс ці праеду па зімовым садзе, а там ужо і час пачынаць планёрку. Такі рытм прыходзіць з гадамі. У ранішні час нішто не замінае паразважаць. Перакананы, што толькі шматпрофільныя прадпрыемствы здольны стаць лідарамі сельгасрынку. Усюды, дзе працаваў, заўжды трымаюся правіла: калі ўзяўся за справу, даводзь яе да канца. Так і бацькі нас з братам Мікалаем выхоўвалі. Жылі мы ў аршанскай вёсцы Івашня. Тата з суседняй вёскі Чуйкі, дзе што ні двор, то ўсе з такім прозвішчам. На мясцовым возеры Дзевінскае нашы вясковыя сябры днямі бавілі летні час, а мы з братам на бульбяным полі потам абліваліся. Плакалі, але працу выконвалі. Дапамагалі па гаспадарцы ўпраўляцца. Наш драўляны дом акружаў стары сад, які пасадзіў пасля вайны дзед Мацвей. У прысадах маці высаджвала вяргіні, іншыя кветкі. Дзяцінства прайшло сярод гэтага царства прыроды. Такі ж дагледжаны падворак быў і ў адзінокай бацькавай сястры Кацярыны Мацвееўны. У яе сяброўкі Кацярыны Міхайлаўны Чуйко таксама не было сям'і. Іх кавалераў забрала вайна. Захоўвалі яны сваім жаніхам вернасць: да іх сваталіся, але замуж яны не пайшлі. Працавалі заўзята на палях аршанскага калгаса імя Мічурына. Як перадавікі вытворчасці, ездзілі на ВДНГ у Маскву, атрымалі медалі. У той час марыў стаць кадравым афіцэрам, але не асмеліўся паступаць у ваеннае вучылішча. Пасля атрымання атэстата сталасці ў Клюкаўскай сярэдняй школе падаўся на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі.

– Бацькі падтрымалі ваш намер?

– Прыхільна прынялі такое рашэнне. Тым больш сельгасакадэмія недалёка была, усяго няпоўная сотня кіламетраў. Паехаў паступаць, але дамоў вярнуўся ні з чым: не хапіла ведаў на экзаменах. Ад ідэі вучыцца на агранома не адмовіўся і пайшоў на вячэрнія падрыхтоўчыя курсы. Днём працаваў рабочым у акадэмічным вучгасе, а вечарамі рыхтаваўся да ўступных экзаменаў. Дзякуючы курсам паспяхова здаў іспыты і стаў студэнтам аграфака. Бацька жартам называў мяне акадэмікам. З першага курса захлынула вучоба. Летам на вытворчую практыку паехаў у магілёўскі калгас «Камінтэрн». Так супала, што пасля атрымання дыплома вучонага агранома там пачынаў самастойную працу брыгадзірам комплекснай брыгады. Багатая гісторыя ў гэтага калгаса. На пачатку 1930-х сюды, у Палыкавічы, прыязджаў выступаць Міхаіл Калінін. У пасляваенны час да выхаду на заслужаны адпачынак старшынстваваў у «Камінтэрне» Герой Сацыялістычнай Працы Ілля Васільевіч Сяргееў. З прыемнасцю пазнаёміўся з ім. Ён жыў у Магілёве, цікавіўся калгаснымі справамі, часта наведваўся ў Палыкавічы.

– Імя легендарнага старшыні Іллі Сяргеева ўвайшло ў гісторыю, нават даводзілася сустракацца з ім. Ён успамінаў, як у першыя дні вайны арганізаваў калгаснікаў, каб ад акупантаў уратаваць жывёлу з магілёўскіх гаспадарак. Амаль паўгода пераганялі паўтары тысячы кароў у Куйбышаўскую вобласць, у пасляваенны час іх вярнулі назад – сапраўдны прыклад гераізму. А чым вам запомніўся гэты слынны чалавек?

– Сціпласцю. У нашай вытворчай брыгадзе ён выпісваў бульбу сабе. Ад яго пачуў пра саперніцтва камінтэрнаўцаў з працаўнікамі кіраўскага калгаса «Рассвет», якім кіраваў Герой Сацыялістыч­най Працы Кірыла Пракопавіч Арлоўскі. Гэта спаборніцтва шырока асвятлялася ў прэсе, настройвала іншых на плённую працу. У аграгарадку Палыкавічы ўсталявана мемарыяльная дошка былому старшыні Іллі Васільевічу Сяргееву. Ганаруся тым, што выпала сустракацца з ім. Брыгадзірам у Палыкавічах доўга я не затрымаўся. Мяне, як перспектыўнага спе­цыяліста, накіравалі ў Мінск на перападрыхтоўку. Пасля стажы­раваўся ў бялыніцкім калгасе імя Леніна, якім кіраваў вопытны старшыня Уладзімір Скрыцкі. Пераймаў у яго, як ставіцца да людзей. Гэта спатрэбілася, калі ўзначаліў калгас імя Леніна, рэфармаваны пазней у сельгаспрадпрыемства «Магілёўскі лянок».

– Перад тым як стаць генеральным дырэктарам агракамбіната «Ждановічы», паспыталі старшы­нёўскага хлеба?

– Нялёгкі ён. Кіраваць людзьмі – адказная справа. Вялікае шчасце ўмець адчуваць чалавека, радавацца поспехам іншых. Дзякуючы далучэнню суседніх эканамічна слабых гаспадарак агракамбінат стаў адным з найбольш буйных у Мінскай вобласці. Кожнае чарговае далучэнне стрымлівала тэмпы развіцця, адмоўна адбівалася на эканамічных паказчыках, але пераадольваем гэта і ўпэўнена крочым далей. Летась выручка вырасла больш як на 13 мільёнаў рублёў і перавысіла 122 мільёны. У разліку на аднаго працаўніка атрымана ад рэалізацыі прадукцыі 117 тысяч рублёў, што на 22 працэнты больш, чым у папярэднім годзе.

– У вас, як у кіраўніка вялікага калектыву, кожная хвіліна на ўліку. А ці ўдаецца выкройваць час, каб наведваць малую радзіму?

– Часцей у сне бачу родную хату, мілыя сэрцу сцежкі дзяцінства. Далёкія продкі былі першымі жыхарамі аршанскіх вёсак Чуйкі і Замасточча. У пана з маёнтка Высокае яны выкупілі лес, спілавалі яго і на лядах заснавалі паселішчы. Няма ўжо Івашні, дзе раней жыла наша сям'я, як і суседняй вёскі Чуйкі. Засталося толькі паселішча Замасточча. Як не стала бацькоў, за домам наглядае брат Мікалай. Часам бываю па службовых справах на Аршаншчыне і абавязкова заязджаю на наш падворак. Вось і летась з калегамі былі там. Прыгадваецца, як упершыню завітаў да бацькоў з жонкай Верай Аляксееўнай. Пасля вучылішча яна працавала на Аршанскім камбінаце і прыехала з калегамі дапамагаць калгасу. Надвячоркам выпадкова сустрэліся на дарозе каля вёскі. Тры гады сябравалі і згулялі вяселле. Крочым разам па жыцці амаль сорак гадоў, выхавалі сына Яўгена і дачку Аляксандру. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць свае сем'і. Ашчаслівілі нас васьмю ўнукамі: старэйшаму Рыгору васямнаццаць гадоў, а мінулай восенню нарадзілася ўнучка Ніна. На сямейныя святы ледзьве ўмяшчаемся ўсе за сталом.

– Другі месяц адлічвае Год міру і стварэння. Што ён значыць для вас?

– Ужо ў назве закладзены глыбокі сэнс. Будзем усе ра­зам падтрымліваць эканамічную моц дзяржавы, захаваем спакой на сваёй зямлі. Мяне, як і любога грамадзяніна, хвалююць падзеі ва Украіне. Дзядам і бацькам давялося перажыць ваеннае ліхалецце, з болем у сэрцы прыгадвалі яны той страшэнны час. Тата расказваў, як яго з сябрамі-падлеткамі акупанты прымушалі капаць акопы. Ад дзядулі Пятра ведаю, што, калі немцы ўварваліся ў нашу вёску, адразу расстралялі старшыню калгаса і яго жонку. Іх дзвюх маленькіх дачок вяскоўцы ўратавалі. Другі мой дзед Мацвей прайшоў тры вайны: Грамадзянскую, Савецка-фінляндскую і Вялікую Айчынную. Салдатам гнаў ворага на Захад і ў баі непадалёку ад родных мясцін, каля аршанскага мястэчка Арэхаўск, атрымаў цяжкае раненне. Аднапалчанін-грузін на плячах вынес яго з поля бою і перадаў у медсанбат. Атрыманыя раненні падкасілі здароўе дзядулі, пасля вайны доўга ён не пражыў. Перамога ў далёкім 1945-м падаравала нам вялікае шчасце сустракаць кожны новы дзень пад мірным небам. У гэты перадвясенні час дадаецца гаспадарчых клопатаў. Зямля абудзіцца, і выйдзем у поле. У нас хапае чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, каб выканаць задуманае.

– Якім бачыце будучае агракамбіната?

– Планаў шмат, настроены развівацца ў розных накірунках. Важную ролю ў сельгасвытворчасці адыгрывае тэхналогія. За дзесяцігоддзі кіравання калектывам пераканаўся: перспектыва за буйнымі сельгаспрадпрыемствамі і холдынгамі. У рыначных умовах выжыве толькі аб'яднанне моцных. У такіх структурах больш эфектыўна выкарыстоўваюцца матэрыяльныя рэсурсы, найлепшая аддача фінансавых укладанняў у вытворчасць, меншыя затраты на выпрацоўку прадукцыі, што станоўча ўплывае на зніжэнне яе сабекошту. Будучае за буйнатаварнай вытворчасцю, але галоўны ў любой справе – чалавек. Поспех залежыць ад адносін да даручаных абавязкаў. Мой дэвіз: не спыняцца на дасягнутым, штодзённа крочыць наперад.

Уладзімір СУБАТ.
subbat50@mail.ru
Фота з архіва УП «Агракамбінат «Ждановічы».

Источник – сайт «Сельская газета», 18.02.2023.

Чуйко