тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
20.12.2021

О нас пишут

О на пишут

Максим Толкачев, выпускник БГСХА — самый молодой и один из лучших руководителей хозяйств Добрушского района.

Дырэктар добрушскага КСУП «Абарона» Максім Талкачоў: «Пад дэвізам яднання зроблена шмат карыснага».

Малады і энергічны дырэктар добрушскага КСУП «Абарона» Максім ТАЛКАЧОЎ яўна належыць да новага тыпу аграменеджараў, якім яшчэ трэба будзе многае змяніць да лепшага. Пасля заканчэння аграфака Белдзяржсельгасакадэміі тры гады кіраваў агранамічнай службай гэтай эканамічна моцнай гаспадаркі. Калі былы дырэктар Васіль Антонавіч Шырко пайшоў на заслужаны адпачынак, замяніў яго і трэці год кіруе калектывам.

Максім Мікалаевіч — асоба неардынарная: акрамя агранамічнай вышэйшай адукацыі, атрымаў у Горках і ўпраўленчую. Самастойна азнаёміўся з сучаснай тэхналогіяй у жывёлагадоўлі, ведае асаблівасці кожнай сельгасмашыны. Засвоіў эканамічны аналіз, бухгалтарскі ўлік. У калектыве згуртаваў вакол сябе прафесіяналаў сельгасвытворчасці.

Па асноўных эканамічных паказчыках гаспадарка стабільна трымаецца сярод раённых лідараў. Летась у параўнанні з папярэднім годам прырост валавой прадукцыі перавысіў 20 працэнтаў, і тэндэнцыя росту працягваецца. Адпаведна павялічваецца выручка ад рэалізацыі малака і ялавічыны, растуць заробкі супрацоўнікаў.

Пераважную долю фінансавых паступленняў дае жывёлагадоўля. За 11 месяцаў гомельскае ААТ «Мілкавіта» пералічыла гаспадарцы за малако амаль тры мільёны рублёў. Штодзённа з трох ферм адпраўляецца для перапрацоўкі амаль восем тон малака. Сярэднегадавы надой ад кожнай з 725 кароў перавысіў 5500 кілаграмаў.

Грамадскі статак поўнасцю забяспечаны кармамі ўласнай вытворчасці. У траншэі закладзена 5770 тон сенажу і 18 078 тон сіласу. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак.

Зямным раем звычайна называюць дзяцінства. Менавіта такім запомнілася яно Максіму Талкачову. Бацька Мікалай Дзянісавіч да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на Добрушскім фарфоравым заводзе, маці Людміла Іванаўна — на кардонна-папяровай фабрыцы «Герой працы». Родам яна з суседняй Чарнігаўскай вобласці Украіны. У савецкі час выйшла замуж і пераехала на Гомельшчыну. Ва ўкраінскай вёсцы Цімнавічы застаўся родны брат Віктар, з якім рэдка бачыцца. У сям'і Талкачовых падрасталі два сыны. Дзяніс і Максім з малых гадоў дапамагалі бацькам упраўляцца на агародзе. У летнюю спякоту палівалі грады, збіралі ўраджай. Бацькава маці жыве непадалёк ад райцэнтра ў вёсцы Крупец. Хлопчыкі часта наведваліся да аўдавелай бабулі Марыі. Дом яе акружаў стары сад, пасаджаны пасля вайны дзедам Дзянісам. Раслі ў ім розных сартоў яблыні, грушы, слівы, вішні. У палісадніку з вясны да восені палалі ўсімі колерамі вясёлкі кветкі. Асабліва шмат было розных сартоў піёнаў.

Хутка праляцелі гады дзяцінства. Старэйшы брат Дзяніс пасля заканчэння школы атрымаў будаўнічую пра­фесію. Працуе на расійскіх будоўлях. Максім марыў стаць хірургам. Рых­таваўся да паступлення ў Гомельскі дзяржмедуніверсітэт. Але некалькіх балаў не хапіла для залічэння на вучобу. Каб не губляць год, падаў дакументы на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. Атрымаў выклік і паехаў вучыцца ў Горкі.

З першых дзён студэнцтва ў юнака ўзнік інтарэс да навучальных дысцыплін. Захаплялі лабараторныя і практычныя заняткі, навуковыя доследы на дзялянках акадэмічнага вучгаса. З цікавасцю слухаў лекцыі. На занятках па генетыцы раслін дацэнт Віктар Аляксеевіч Двайнішнікаў заварожваў грунтоўнымі ведамі, не­звычайнымі прыкладамі.

Студэнцкія гады запомніліся не толькі вучобай. У акадэміі віравала грамадская дзейнасць. Максім Талкачоў разам з сябрамі з гуртка «Чуйнае сэрца» дапамагаў састарэлым жыхарам Горак і прылеглых вёсак: дастаўлялі прадукты харчавання, лекі, прыбіралі ў дамах і на падворках. Пасля завяршэння вучэбнага года пачыналася вытворчая практыка.

З аднакурснікамі Максім адправіўся на Доўскую дзяржаўную насенневыпрабавальную станцыю, што ў Рагачоўскім раёне. Пад кіраўніцтвам спецыялістаў будучыя аграномы назіралі за развіццём выведзеных беларускімі селекцыянерамі гібрыдаў кукурузы і траў.

На студэнцкіх канікулах Максім душу адводзіў у родным Добрушы, дзе нясе да Сажа свае воды рака яго дзяцінства Іпуць.

— Максім Мікалаевіч, кажуць, што рака дабратворна ўплывае на людзей: выхоўвае характар. На сабе гэта не адчулі?

— Дзяцінства, агучанае музыкай ракі, у чымсьці вызначыла мой лёс. Не думаў, што так захопіць мяне праца на зямлі. Пасля заканчэння вучобы ў сельгасакадэміі збіраўся вярнуцца дамоў. Разам з дыпломам вучонага агранома атрымаў накіраванне на працу ў добрушскі КСУП «Абарона». Былы дырэктар Васіль Антонавіч Шырко прыязна сустрэў мяне, пазнаёміў з гаспадаркай. Пасяліў у абсталяваны ўсім неабходным катэдж. І я адразу ўзяўся за працу. Пасада галоўнага агранома адказная. Вывучыў характары механізатараў. Ведаю, каму якую працу даручыць. Гэта вельмі важна. Шмат карыснага пераняў ад дырэктара. Ён мудра слухаў лю­дзей, паважліва ставіўся да кожнага працаўніка. Карыстаўся павагай сярод падначаленых.

— Напэўна, Васіль Антонавіч паступова рыхтаваў вас да дырэктарства?

— Заўжды цікавіўся маімі справамі, задумамі. На нашых палях добра родзіць азімая пшаніца. Ён прыняў маю прапанову пашырыць плошчы пад гэту культуру. Давяраў мне. Са свайго боку я імкнуўся не падводзіць дырэктара. Васіль Антонавіч цаніў мае адносіны да працы. І зараз часта да яго звяртаюся па парады. У працы імкнуся спалучаць тэорыю і практыку. Часта наведваюцца кіраўнікі раёна, цікавяцца справамі калектыву, калі неабходна дапамагаюць. Гаспадарка вялікая. З амаль 5500 гектараў сельгасугоддзяў большая палова аддадзена пад ворыва. Каб аператыўна апрацоўваць такую плошчу, неабходна мець мабільны парк машын і агрэгатаў. За свае сродкі пастаянна абнаўляем тэхнічны арсенал. У лізінг набылі прэс-падборшчык і назапасілі ім у спецыяльнай упакоўцы 700 тон высакаякасных кармоў.

— Статак вялікі ў гаспадарцы?

— На трох малочна-таварных фермах амаль 2500 галоў. Усё пагалоўе забяспечваем кармамі ўласнай вытворчасці. Стабільна нарошчваем аб'ёмы пра­дукцыі, якую вырабляем. Калектыў па­паўняецца маладымі спецыялістамі. Выпускнікі Белдзяржсельгасакадэміі Іван Петручук працуе юрыстам, Уладзімір Пухоўскі ўзначаліў агранамічную службу, а Аліна Новік атрымала пасаду агранома-аграхіміка. Пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржагракаледжа пачалі працоўную дзейнасць у нас спецыялісты-жывёлаводы Ганна Рудзянок, Марына Трыфаненка і Юлія Цалко. На заслужаны адпачынак пайшоў галоўны заатэхнік Васіль Содаль. Спадзяёмся, што доўга гэта пасада вакантнай не будзе. Усіх маладых спецыялістаў забяспечваем камфартабельным жыллём у аграгарадку Карма. Увогуле, за апошнія гады пабудавана звыш 30 катэджаў. Большасць з іх гаспадары выкупілі. Цэнтральная сядзіба газіфікаваная, з цэнтральным водазабеспячэннем. У аграгарадку Карма і вёсцы Агароднікі Кузьмініцкія пасля Чарнобыльскай катастрофы некалькі вуліц забудаваны дамамі для перасяленцаў з Хойніцкага і Брагінскага раёнаў.

— На жывёлагадоўчых фермах, у механізацыі кадраў хапае?

— Побач Гомель і Добруш. Выпускнікі Кармянскай сярэдняй школы імкнуцца ў гарады. Затрымаць на вёсцы іх можна дастойнымі заробкамі, спрыяльнымі ўмовамі жыцця і працы. Усё гэта ёсць. Але чамусьці моладзь не ўтрымаць. Раней разам з атэстатам сталасці яны атрымлівалі пасведчанні трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення кароў. Хтосьці заставаўся працаваць на зямлі. У газетах, па тэлебачанні і на радыё шмат расказвалі пра людзей вёскі, услаўлялі перадавікоў сельгасвытворчасці. Кожны год прапаноўваем маладым заключаць дамову на навучанне ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Праблема дзяржаўнай важнасці, і вырашаць яе трэба адпаведна на высокім узроўні. Ад таго, што жыллё ў горадзе атрымоўваюць вясковыя шматдзетныя сем'і за дзяржаўны кошт, няма аніякай карысці. Думаецца, найлепш не адрываць гэтыя сем'і ад зямлі, дапамагаць ім пускаць карані на вёсцы, каб была замена механізатарам і жывёлаводам. З мэтай заахвочвання вясковай моладзі да працы на зямлі, варта прадастаўляць ім льготныя пазыкі на набыццё аўтамабіляў, бытавой тэхнікі, будаўніцтва жылля.

— Максім Мікалаевіч, завяршаецца год. Самы час прааналізаваць вынікі яго, зрабіць адпаведныя вывады, намеціць планы на будучае.

— Складаны выдаўся год. Вясною марозіла пасевы, летам сушыла. Пільнае выкананне тэхналогіі дало адпаведны вынік хлебаробам. У засекі засыпана звыш 4700 тон збажыны. Восенню аператыўна справіліся з сяўбою азімых збожжавых і рапсу. Падрыхтавалі глебу да веснавых палявых работ. Зараз механізатары вывозяць арганіку, рамантуюць тэхніку.

На фермах сытная зімоўка. Пачаліся масавыя ацёлы кароў. Атрымліваем высокі выхад цялят. Заслуга ў гэтым стараннага спецыяліста-жывёлавода Зінаіды Васькаўцовай. Загадчыцы МТФ «Кудлаёўка» Ніна Молагава і МТФ «Цэнтральная» Ірына Крупкіна заўжды падтрымліваюць у памяшканнях парадак, сочаць за працоўнай дысцыплінай. Але хачу адзначыць, што на рэалізацыі малака маглі бы мець большы прыбытак. З-за таго, што доім кароў на ўстаноўках па тыпе «ёлачка», не выходзім на атрыманне прадукту экстра-класа. Прадаём яго першым класам. Безумоўна, неабходны даільныя залы з самым сучасным абсталяваннем.

Цяжкім быў год з-за пандэміі. Закранула праблема і наш калектыў. Людзі хварэлі. Складана было шукаць замену на фермах. А жывёлу трэба было даглядаць, даіць. Неяк выйшлі з гэтага цяжкага становішча.

— Два тыдні аддзяляюць нас ад Новага года. Чаго чакаеце ад яго?

— Стабільнасці. Сёлета жылі пад дэвізам яднання. Дзякуючы гэтаму шмат карыснага зроблена. На абласных «Дажынках», што ладзіліся ў Гомелі, наш вадзіцель Сяргей Гаўрыленка адзначаны дыпломам і значнай грашовай прэміяй за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве на перавозцы збожжа на жніве. А на раё­нным свяце-кірмашы ў Добрушы сярод лепшых уборачных экіпажаў быў адзначаны наш камбайнер Аляксандр Вінічэнка. Маё пажаданне, каб множылася колькасць перадавікоў, паляпшаўся дабрабыт кожнай сям'і, у сэрцах людзей панавала радасць.

— Вам, шаноўны Максім Мікалаевіч, зычу працоўных здабыткаў і асабістага шчасця. Няхай год Тыгра нясе вам і ўсяму калектыву гаспадаркі ўдачу!

Уладзімір СУББАТ.
Фота Яўгена УСЦІНАВА.

Сайт газеты «СБ. Беларусь сегодня».
Источник «Сельская газета». Опубликовано 18 декабря 2021 г.

О нас пишут