тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
09.12.2020

Да 90 годзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

«Дарагім Ксане і Пятру…»
да 90 годзя з дня нараджэння

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч( 26 лiстапада 1930 – 25 лiпеня 1984) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Аўтар шматлікіх вершаў, раманаў, апавяданняў, нарысаў, п’ес, сцэнарыяў, надрукаваных у зборы твораў у 8-мі тамах (1987–1991). Ён некалькі разоў быў у Горках, дзе сустракаўся са сваёй сястрой Ксеніяй Шарснёвай.

Короткевич

Уладзімір Караткевіч

Ксенія Шарснёва і Уладзімір Караткевіч – родныя па лініі маці

У лістападзе 1995 года, калі ў выставачнай зале аб’яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь адкрылася  выстава «Быў. Ёсць. Буду», прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Каратке-віча, пашчасціла пазнаёміцца з роднай сястрой пісьменніка – Наталляй Сямёнаўнай. І калі пайшла размова аб тым, што з цягам часу выстава будзе экспанавацца ў Горацкім гістарычна-этнаграфічным музеі, то Наталля Сямёнаўна сказала, што на яе адкрыццё абавязкова трэба будзе запрасіць стрыечную сястру Уладзіміра Караткевіча – Ксенію Шарснёву, якая жыве ў Горках.

Кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Ксенія Канстанцінаўна і яе муж, кандыдат сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР Пётр Мяркур’евіч Шарснёў – былі добра вядомыя выкладчыкі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

І ў час адкрыцця выставы аб У. Караткевічу ў выставачнай зале Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея прысутныя пачулі шмат цікавага пра У. Караткевіча, пра яго прыезды ў Горкі, пра сустрэчы ў Оршы і Мінску.

Ксенія Канстанцінаўна і Уладзімір Сямёнавіч – родныя па лініі маці. Ніна Васільеўна і Надзея Васільеўна былі роднымі сёстрамі.

Са сваім стрыечным братам Ксенія Канстанцінаўна амаль што аднагодкі. Яна нарадзілася ў маі 1931 года ў гарадскім пасёлку Карма Гомельскай вобласці. Яе бацька – Канстанцін Міхайлавіч – працаваў ветэрынарным урачом і, калі дачцэ было ўсяго шэсць год, быў рэпрэсаваны. Цяжка прыйшлося сям’і. «Аднак, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – маці паслала некалькі лістоў у абарону бацькі ў Гомель, Мінск і Маскву. І адбыўся цуд – праз тры гады бацька вярнуўся з лагераў».

Пасля вайны Ксенія Канстанцінаўна скончыла Краснабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1951 годзе паступіла на вучобу ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля заканчэння якой працавала асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры лугаводства. Скончыла завочна аспірантуру навукова-даследчага інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі.

Короткевич

Ксенія разам з братам Уладзімірам і яго сябрам У. Ф. Краўцом.

Пра свайго стрыечнага брата Уладзіміра яна ведала з ранняга дзяцінства. Але родныя з іх сям’ёй да 1950 года амаль што не перапісваліся, бо былі яны сям’ёй «ворага народа». І толькі ў 1950 годзе, калі вучылася ў тэхнікуме, яна атрымала ліст ад брата з Оршы, куды ён прыехаў у час навучання ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. Да ліста ён прыклаў фотаздымак, на адваротным баку якога быў надпіс: «Сестричке от брата, которого она никогда не видела. 29.VIII. 1950 г. Орша».

Прайшло два гады. У гэты час была перапіска. І ў адным з лістоў Уладзімір даслаў фотаздымак, на адваротным баку якога быў надпіс: «Дорогой сестричке Ксане – до тех пор, пока не сфотографируюсь и не пришлю лучшего подобия себя. Владимир». Гэты фотаздымак аматарскі, не вельмі добрай якасці. Ксенія Канстанцінаўна лічыць, што ён быў дасланы ёй дзесьці ў канцы 1952 года.

Да гэтага часу Ксенія і Уладзімір ужо сустракаліся асабіста, калі яна гасцявала ў іх доме ў Оршы. Ведала яна і аб тым, што брат піша вершы.

У 1957 годзе ў Горкі да дачкі прыехала маці. Сустрэчы паміж роднымі сёстрамі – маці Уладзіміра і маці Ксеніі – сталі больш частымі. Яны амаль штогод сустракаліся і перапісваліся.

У той час У. Караткевіч ужо даволі часта друкаваўся ў перыядычным друку. Ведала Ксенія Канстанцінаўна і аб тым, што брат рыхтуе да друку сваю першую кнігу. Яна зараз як вялікую каштоўнасць захоўвае гэты першы паэтычны зборнік «Матчына душа», на якім ёсць такі даравальны надпіс: «Дарагім Ксане і Пятру ад Уладзіміра. 9.XI.1958».

Да гэтага часу Ксенія Канстанцінаўна і Пётр Меркур’евіч уступілі ў шлюб, таму даравальны надпіс быў ужо прысвечаны ім абодвум.

Як вядома, у творчасці Уладзіміра Сямёнавіча значнае месца займае тэма гісторыі Беларусі. Ксенія Канстанцінаўна лічыць, што гэта не выпадкова. Вялікім знаўцам гісторыі роднага краю быў іх дзед, Васіль Ульянавіч Грынкевіч, з якім у дзяцінстве сустракаўся Уладзімір у Рагачове. Добры расказчык, ён вельмі цікава апавядаў унуку аб падзеях і легендах з гісторыі Беларусі. Дзед памёр 12 чэрвеня 1945 года ў гарадскім пасёлку Карма, куды ён прыехаў да сваёй дачкі Ніны (маці Ксеніі Канстанцінаўны).

Ксенія Канстанцінаўна лічыць, што на Уладзіміра Караткевіча вялікі ўплыў аказаў і родны дзядзька Ігар Васільевіч, настаўнік і добры знаўца гісторыі, аматар рыбнай лоўлі і палявання.

Як вядома, у 1958–1961 гадах Уладзімір Сямёнавіч вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. З Масквы ён даслаў сястры сваю кнігу «Вячэрнія ветразі». На ёй даравальны надпіс: «Дарагім Ксане і Пятру. Дару ад сэрца. 16.III.1961».

Сустрэчы на горацкай зямлі

А ў красавіку 1962 года адбылася першая сустрэча на горацкай зямлі. Уладзімір Сямёнавіч прыехаў да Шарснёвых з маці. Загадзя яны не тэлефанавалі, таму і дабіраліся пешшу з аўтастанцыі да пасёлка вучгаса Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе жыла сям’я Ксеніі Канстанцінаўны. У гэты час яе муж, Петр Мяркур’евіч, працаваў галоўным аграномам гэтай гаспадаркі.

Ксенія Канстанцінаўна ўспамінае, што «…прыйшлі яны ў кватэру ўсе перапэцканыя ў гразі. Якраз у гэты час рамантавалі грэблю праз акадэмічнае возера. І Уладзімір з гумарам апавядаў, як ён знайшоў некалькі дошак і імі масціў дарогу, каб магла прайсці маці.

Гасцявалі яны некалькі дзён. І, калі мы ішлі на працу, Уладзімір даставаў свае рукапісы і працаваў.

Увечары, калі ўсе збіраліся, мой муж вёў з Уладзімірам гутаркі аб стане сельскай гаспадаркі, яе праблемах. Ён запрашаў прыехаць Караткевіча ўвосень, калі па полі пойдуць збожжавыя камбайны. Раіў яму напісаць аб гэтым.

Але я ведала, што брата больш хвалюе мінулае нашай краіны. Некалькі разоў мы гулялі з ім на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, па дэндралагічным парку. Ён цікавіўся гісторыяй гэтай навучальнай установы. Некалькі разоў праглядаў кнігу С. Г. Цітовіча «Горыгорецкий земледельческий институт», якая была надрукавана ў Горках у 1960 годзе. Асабліва ўважліва вывучаў раздзел з гэтай кнігі аб падзеях, прысвечаных удзелу студэнтаў інстытута ў паўстанні 1863 года.

Помніцца, што ў той прыезд хадзілі мы ўсе ў кіно ў клуб акадэміі, дзе ішоў фільм «Богатая невеста». Фільм яму не спадабаўся. Запомніліся яго словы: «Не кіно, а нейкая схема».

Цікава адзначыць, што Горыгорацкі земляробчы інстытут некалькі разоў узгадваецца ў яго творы «Каласы пад сярпом тваім».

А кіраўнік горацкіх паўстанцаў Людвік Звяждоўскі стаў адным з персанажаў гэтага твора.

У лістападзе 1962 года адбыўся другі прыезд Уладзіміра Караткевіча ў Горкі. Ён прыехаў з маці на кастрычніцкія святы. Якраз з гэтай нагоды для спецыялістаў і кіраўнікоў вучгаса сельскагаспадарчай акадэміі быў наладжаны ў сталовай святочны вечар. «Запрасілі мы з сабой, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – майго брата. Ён згадзіўся, але параіў, каб не казалі нікому, што ён Караткевіч. І так сталася, што ў час вячэры насупраць Уладзіміра сядзеў дырэктар вучгаса Леанід Барысавіч Наймарк (затым доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар кафедры раслінаводства – У. Л.). Яны шмат гутарылі за сталом і ў час перапынку на розныя тэмы, у тым ліку і літаратурныя. Чамусьці прыгадалі дзеда Шчукара з «Поднятой целины» М. Шолахава.

А на другі дзёнь Л. Б. Наймарк спытаў у майго мужа:

– Хто ж гэта за чалавек, што быў учора з вамі?

  • Стрыечны брат Ксаны, – адказаў Петр Мяркур’евіч.
  • Вельмі здольны і разумны чалавек. Каб яму трохі падвучыцца, то выйшаў бы з яго толк.

Прыйшлося Пятру Меркур’евічу сказаць, што гэта быў пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

Л. Б. Наймарку стала няёмка, і ён потым доўга дакараў мужа, што той не пазнаёміў яго з вядомым пісьменнікам. Аказалася, што ён чытаў амаль усе яго творы і яму яны вельмі падабаліся.

На другі дзень свята мы ўсе разам хадзілі на вечар адпачынку ў акадэмію. Пабылі трошкі ў гідракорпусе, потым у корпусе № 1. Запомнілася, што Уладзімір добра танцаваў».

Сустрэчы ў Мінску

Наступная сустрэча адбылася ў Мінску ў жніўні 1963 года. Цэлы тыдзень Ксенія Канстанцінаўна была ў камандзіроўцы. Уладзімір пазнаёміў яе са сваім сябрам – выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута У. Ф. Краўцом.

Яна ўспамінае, што вечарам яны разам хадзілі на спектаклі ў тэатр ім. Я. Купалы, Рускі драматычны тэатр. Аднойчы зайшлі ў рэстаран, што быў у гасцініцы «Мінск». Якраз побач з імі  за сталом аказалася актрыса Людміла Чурсіна, якую Уладзімір запрашаў на танцы. Запомнілася Ксеніі Канстанцінаўне і тое, што Караткевіч вельмі хутка маляваў на папяровых сурвэтках жартаўлівыя шаржы.

У гэты прыезд Уладзімір Караткевіч запрасіў сваю сястру на паляванне. «Але ў лесе, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – нечакана знайшлі сабаку, прывязаную да дрэва. Відаць, нехта такім чынам хацеў пазбавіцца ад яе. Адразу планы паляўнічых змяніліся. Уладзімір пачаў яе карміць і пабег за вадой. І тут жа вырашыў, што трэба везці яе ў Мінск. Нехта з сяброў выказаў меркаванне, што, можа, яна хворая на шаленства. Таму, калі прыехалі ў Мінск, ён павёз яе адразу ў ветэрынарную паліклініку і потым на другі дзёнь доўга тэлефанаваў сябрам, каб нехта забраў яе сабе.

Вельмі шанаваў і любіў мой брат сяброў нашых меншых.

А ў мяне ад гэтай сустрэчы ў Мінску засталася кніга «Чазенія». На ёй даравальны надпіс: «Ксане і Пятру ад усёй глыбіні шчодрага сяброўскага сэрца. 23.08.1963 г.».

Захоўваецца ў Ксеніі Канстанцінаўны і фотаздымак: яна, брат Уладзімір і яго сябра У. Ф. Кравец, знятыя на прывакзальнай плошчы Мінска. Гэты здымак змешчаны ў кнізе.

У 1965–1969 гадах Ксенія Канстанцінаўна вучылася ў завочнай аспірантуры Інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі і шмат разоў прыязджала ў Мінск, сустракалася з братам і са сваей цёткай – Надзеяй Васільеўнай (яна ў пачатку 1963 года пераехала з Оршы да сына ў Мінск).

На ўспамін аб адной з сустрэч застаўся фотаздымак з даравальным надпісам: «Ксане от Володи. 1965 г.»

Былі сустрэчы і ў іншыя гады. І самая трагічная, калі прыйшлося развітацца з братам назаўсёды ў ліпені 1984 года.

І, прыязджаючы ў Мінск, Ксенія Канстанцінаўна абавязкова заходзіла на Маскоўскія могілкі, каб пакласці кветкі да велічнага палявога каменя, аздобленага бронзавым аўтографам брата і калоссем.

Уладзiмiр Лiўшыц