Да юбілею Уладзіміра Караткевіча
Грамадскасцю УА БДСГА, як і ва ўсёй краіне, адзначалася 90-я гадавіна з дня нараджэння У. С. Караткевіча, які з’яўляецца гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Пісьменнік незвычайнага таленту, які стаў зоркай першай велічыні на нацыянальным літаратурным небасхіле і змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы.
У кожнага чалавека свой Караткевіч: адны – аматары яго гістарычных прыгодніцкіх раманаў, другія – знаходзяць у вершах сугучча з тым, што адчувае іх душа, для трэціх – блізкі шчыры і сумленны роздум яго эсэ. І тая спадчына, якую пакінуў выдатны сын Беларусі, заўсёды будзе з’яўляцца для ўсіх нас яркім прыкладам любові да нашай Радзімы, да Беларусі.
У. С. Караткевіч нарадзіўся ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Ён некалькі разоў быў у Горках, дзе сустракаўся са сваімі роднымі, студэнтамі, выкладчыкамі акадэміі. У 2015 годзе ў бібліятэцы БДСГА адбылася вечарына памяці, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
У гэтым годзе ў акадэміі таксама быў праведзены шэраг мерапрыемстваў і акцый да юбілею пісьменніка.
Рэктаратам, упраўленнем па выхаваўчай рабоце з моладдзю, народным аматарскім літаратурным аб’яднаннем «Парнас», грамадскімі арганізацыямі, кафедрай лінгвістычных дысцыплін, бібліятэкай, ЦСМТ, рэдакцыяй газеты «Советский студент» акадэміі быў праведзены конкурс, прысвечаны беларускаму савецкаму пісьменніку, паэту, драматургу, публіцысту, сцэнарысту У. С. Караткевічу, і праходзіў ён у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 180-годдзю стварэння УА БДСГА.
Конкурс праводзіўся з мэтай захавання памяці Уладзіміра Караткевіча і прапаганды яго літаратурнай творчасці; удасканалення і актывізацыі работы па духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным і мастацка-эстэтычным выхаванні маладых людзей; падтрымання літаратурных традыцый акадэміі; прапаганды літаратурнай творчасці; выяўлення таленавітай студэнцкай моладзі; удасканалення прафесійнага майстэрства літаратараў акадэміі.
У конкурсе прынялі ўдзел 10 аўтараў. Было прадстаўлена 18 твораў па намінацыях: «Мой чароўны беларускі край» (паэтычныя творы), «Беларусь мая, сонца, дарагая і родная маці!» (празаічныя творы).
У намінацыі «Мой чароўны беларускі край» першае месца прысуджана Клачкову А. В., прафесару кафедры сельгасмашын, Цэван А. Д., асістэнту кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК, і Леўчанкавай Т. М., педагогу-арганізатару. У намінацыі «Беларусь мая, сонца, дарагая і родная маці!» пераможцам прызнаны Малько П. І., старшы выкладчык кафедры лінгвістычных дысцыплін.
Другое месца ў розных намінацыях занялі Селібірава Л. У., старшы выкладчык кафедры лінгвістычных дысцыплін, Малько Г. І., дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін, Глёкава Н. У., студэнтка 4 курса аграэкалагічнага факультэта, і Капцэвіч А. І., студэнтка 4 курса факультэта бухгалтарскага ўліку.
Трэцяе месца прысуджана Піражэнка М. Б., студэнтцы 3 курса факультэта бухгалтарскага ўліку, Свінабаеву Л. А., пенсіянеру, і Цэван А. Д., асістэнту кафедры арганізацыі вытворчасці ў АПК.
Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны дыпломамі, а таксама каштоўнымі падарункамі ці грашовай прэміяй.
Андрэй Пугач, кіраўнік Народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання.