Вечар памяці Анэлі Тулупавай
21 лютага, якраз у Міжнародны дзень роднай мовы, у бібліятэцы імя Д.Р.Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбыўся вечар памяці, прысвечаны 80-годдзю беларускай паэтэсы, празаіку, драматургу, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Анэлі Іванаўны Тулупавай. У акадэміі немагчыма было абыйсці ўвагай і гэта імя, і гэту дату – лёс Анэлі Іванаўны быў цесна звязаны з Горкамі, з нашай навучальнай установай, тут прайшло больш 10 гадоў яе жыцця, тут, у Горках, пачаўся яе шлях у вялікую літаратуру.
(Для дапытлівых карыстальнікаў невялікая біяграфічная даведка. Нарадзілася Анэля Тулупава 1 лютага 1938 года ў вёсцы Капань Рэчыцкага раёна ў сям’і настаўніка. Закончыла Гомельскае медыцынскае вучылішча (1955), завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ (1969). Працавала фельчарам і акушэркай у медыцынскіх установах Віцебшчыны, з 1960 г. – дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання, з 1962 года – інструктрам РДК, медсястрой у бальніцы, загадчыкам аддзела райкама камсамола, рэдактарам газеты “Советский студент”. У 1974-1978 гг. – загадчык рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, у 1979-1988 гг. – старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 1990 па 1994 г. працавала загадчыкам аддзела літаратуры часопіса “Вожык”. Пайшла з жыцця у 2001 годзе).
На сустрэчы прысутнічалі тыя, хто асабіста ведаў Анэлю Тулупаву. Кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднанна “Парнас” Андрэй Міхайлавіч Пугач успомніў свае сустрэчы з Анэляй Іванаўнай у час яе працы рэдактарам “Советского студента”, успомніў як вельмі патрабавальнага да слова журналіста і ў той жа час як вельмі прыгожую, абаяльную і аптымістычную жанчыну.
Святлана Паўлаўна Козік (у былым настаўнік рускай мовы і літаратуры, зараз на заслужаным адпачынку) усё жыццё падтрымлівала добрыя сяброўскія адносіны з сям’ёй Анэлі Іванаўны, сябравала і сябруе зараз з яе дачкой Алесей. На сустрэчу яна прынесла шмат фотаздымкаў, кнігі Анэлі Іванаўны і паэтычныя зборнікі унучкі паэтэсы Валерыі, якой ад бабулі перадаўся літаратурны талент. Святлана Паўлаўна расказала пра тыя нялёгкія выпрабаванні, якія былі у лёсе паэтэсы (трагічная смерць бацькоў, хвароба дачкі, заўчасная смерць мужа), пра яе шлях да Бога, да веры.
Сапраўды, творчасць Анэлі Іванаўны была цесна звязана з духоўным пошукам, прагай да веры. Яна шукала ўсё жыццё. І знайшла. Паэтэса напрыканцы жыцця стала манахіняй Неанілай. Яна пераступіла за тую мяжу, за якой слава – нішто, калі сэнс жыцця толькі ў Веры і Любові, у служэнні Богу і бліжнім.
І вядома ж, на сустрэчы гучалі вершы Нэлі Іванаўны – на дзіва меладычныя, эмацыянальныя і вельмі розныя па тэматыцы: ад высокага патрыятызму да пяшчотнай лірыкі, ад глыбокіх філасофскіх разваг да іскрыстага гумару. Вершы прагучалі ў выкананні удзельнікаў клуба творчай моладзі “Дэбют” Скрунды Віталіны, Нарон Веранікі, Чыгілейчык Вікторыі (факультэт бізнеса і права), Кучынскага Алега (эканамічны факультэт), Талсташовай Марыі (факультэт бухгалтарскага уліку), Максіменка Рамана (факультэт біятэхналогіі і аквакультуры).
Вечар памяці быў удала дапоўнены ўрыўкамі з відыёфільма Аляксандра Дамарацкага “Свет далекай зоркі”, удумлівага і шчырага разважання аб лёсе і творчасці Анэлі Тулупавай.
У паэтэсы ёсць такія радкі:
Як памру,
Дарагіх не стаўце мне помнікаў,
Толькі крыж, святы, ратавальны.
Засумуеце раптам – успомніце,
Мы заўсёды з Богам і з вамі.
На сустрэчы ў бібліятэцы і успомнілі гэтую светлую жанчыну з такой адкрытай і трапяткой душой. Успомнілі яе паэзію – з глыбокімі пачуццямі, яркімі вобразамі, прыгожымі рыфмамі. Успомнілі і адчулі, што яна, Анэля Тулупава, беларуская ластаўка, сапраўды разам з намі, бо памяць – гэта працяг жыцця чалавека ў нашых душах.
Студнёва Марыя