О нас пишут
22 студзеня таленавітая горацкая паэтка Лідзія Андрэева (доўгі час працавала ў БДСГА), адзначае свой 86-ы дзень нараджэння. Яе творчасць насычана любоўю да Радзімы, знітавана з гісторыяй, традыцыямі і духам народа. «Калі тое, што я раблю і думаю, патрэбна людзям, значыць, я іду ў адну плынь з народам», – кажа паэтка.
Яна – аўтар многіх зборнікаў для дарослых і дзяцей, перакладчыца вершаў рускіх класікаў, яе пераклады рамансаў у Вялікім тэатры Беларусі сталі вядомымі і любімымі гледачамі.
Пра Лідзію Андрэеву ў свой час казалі, што яе паэзія – гэта чысты і празрысты звон, які адначасова заворажвае і заахвочвае да разважанняў. А. Зэкаў пісаў: «Паэзія Лідзіі Андрэевай чыстая, як настоенае на зёлках баравое паветра, і празрыстае, як ранішнія росы. У ей не заблытаешся, як у нейкім мудрагелістым лаберынце, бо вершаваныя радкі не кружляюць па абсягах думак і пачуццяў, а пад мернае рытмічнае перагукванне слоў выводзяць нас на шырокі прасцяг разваг над нашым існаваннем у гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Паэтка не бае канкрэтных рэцэптаў, хіба што падштурхоўвае чытача да ўсведамлення свайго высокага прызначэння на зямлі…»
Лідзія Андрэева – гэта не толькі паэтка, але і чалавек, што актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці краіны: прымае ўдзел у фестывалях, конкурсах, святах беларускай літаратуры. Яе творы пакладзены на музыку прафесійнымі спевакамі і музыкантамі, а сама яна за імклівую і плённую працу атрымала шэраг узнагарод і прызоў.
Напярэдадні свайго дня нараджэння аўтарка падарыла чытачам цэнтральнай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага свае новыя кнігі: «У вечнасці няма канца» і «Ёсць горад такі». Дзякуем за шчыры падарунак, які пранізаны любоўю да літаратуры і Радзімы!
Творчасць Лідзіі Андрэевай – гэта лірызм, спавядальнасць, прасякнутыя тэмаю кахання, высокага духоўнага ідэалу, а таксама клопатам пра ўтульнасць сваёй роднай Беларусі. З нагоды свята шчыра віншуем Лідзію Андрэеўну і жадаем невычэрпнага натхнення, творчага запалу і бязмежнага здароўя. Зычым нашай паэтцы далейшых творчых узлётаў на карысць любай Радзімы Беларусі, жыць кожны дзень так ярка і насычана, каб засланяць зоркі сваім ззяннем ад шчасця!
Калектыў цэнтральнай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага
ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка»
Источник – сайт районной газеты «Горецкий вестник» от 22.01.2026 г











