тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь

22.11.2022

«Сэрцам адданыя роднай зямлі»

Зборнік творчых работ з такой назвай падрыхтавала да друку Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І невыпадкова, што творчая сустрэча з яго аўтарамі прайшла ў бібліятэцы імя Д. Р. Новікава 18 лістапада, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі. Цікава, што прэзентацыі зборніка і творчыя сустрэчы праходзілі ў гэты дзень і амаль у аднолькавы час ва ўсіх установах, аўтары з якіх апублікавалі свае творы пад вокладкай гэтага  выдання (Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і інш.).

Кніга прымеркавана да Года гістарычнай памяці і яе аўтарамі з’яўляюцца прадстаўнікі аграрнай галіны з самых розных сфер – тыя, што займаюцца навукай, працуюць на вытворчасці, вучацца, знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Пры такой разнастайнасці ўсіх аўтараў іх творы аб’ядноўвае адна тэма – гэта наша беларуская зямля, яе прыгажосць, непаўторнасць, гэта тыя людзі, якія на ёй працавалі ці працуюць.

У кнізе сабраны творы самых розных літаратурных жанраў – паэзія, проза, публіцыстыка, таксама ёсць і раздзел выяўленчага мастацтва. Прыемна адзначыць, што ў кожным раздзеле ёсць творчыя работы аўтараў, якія прадстаўляюць нашу навучальную ўстанову. У паэтычным раздзеле змешчаны вершы Канстанціна Пятровіча Сучкова і Таіды Мікалаеўны Рэдказубавай. (Неабходна заўважыць таксама, што на старонках зборніка надрукаваны вершы Івана Паўлавіча Шэйко, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара, акадэміка і Ніны Антонаўны Мельнікавай, Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, якія ў свой час вучыліся ў акадэміі).

У раздзеле прозы прадстаўлены работы таксама двух нашых аўтараў – Андрэя Міхайлавіча Пугача і Аляксандра Сяргеевіча Юдзіна.

Наступныя аўтары – Таццяна Уладзіміраўна Лосева, Андрэй Міхайлавіч Пугач, Таццяна Іванаўна Скікевіч падрыхтавалі артыкулы ў раздзел “Публіцыстыка”. Свае творы ў гэтым раздзеле змясцілі і студэнткі акадэміі – Ганна Аляксандраўна Вешчава, Ліля Аляксандраўна Раманенка (землеўпарадкавальны факультэт і факультэт біятэхналогій і аквакультуры адпаведна, кіраўнік – Лосева Тацяна Уладзіміраўна).

Не засталіся мы ў баку і ад раздзела “Выяўленчае мастацтва” – свае пейзажныя фотаздымкі з цудоўнымі горацкімі краявідамі ў ім змясціў Аляксандр Уладзіміравіч Гурыкаў.

Дырэктар Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя І. С. Лупіновіча Віталь Мікалаевіч Гердзій (дарэчы, таксама выпускнік нашай акадэміі) звярнуўся да ўсіх прысутных на творчай сустрэчы па відэасувязі. Віталь Мікалаевіч расказаў, як узнікла ідэя зборніка “Сэрцам адданыя роднай зямлі”, як яна рэалізоўвалася. Ён падзякаваў нашых аўтараў, адзначыў высокі ўзровень іх работ і запрасіў да супрацоўніцтва на старонках наступных кніг, якія і далей плануе выпускаць Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка.

З вышэйназваным выданнем можна пазнаёміцца ў бібліятэцы акадэміі, а таксама ў раённай бібліятэцы ім. М. Гарэцкага – на сустрэчы  адзін экзэмпляр быў перададзены ў яе фонд. А ўсе аўтары атрымалі зборнікі са сваімі надрукаванымі творчымі работамі ў свае асабістыя бібліятэкі.

На сустрэчы было адзначана, што кніга пакідае адчуванне шчырасці і цеплыні, бо ва ўсіх работах аўтараў бачна непрыхаваная любоў да зямлі, неабыякавасць да яе учарашняга і сёняшняга дня. Ну і вядома ж, вельмі прыемна, што нашы аўтары зрабілі такі значны ўнёсак у яе змест сваімі творамі.

Аддзел гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі імя Д. Р. Новікава УА БДСГА.

Фота Аляксандра Гурыкава і Людмілы Шаршнёвай.

Сборник

Сборник

Сборник

Сборник

Сборник