тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
26.12.2023

О нас пишут

О наc пишут

Доктор сельхознаук: Президент ставит задачу активнее применять современные технологии в молочной отрасли

Доктар сельгаснавук, прафесар Мiхаiл Бараноўскi: «Самае галоўнае — прадоўжыць жыццё карове.

Перабiраючы ў памяцi мiнулае, галоўны навуковы супрацоўнiк НПЦ Нацыянальнай акадэмii навук па жывёлагадоўлi, доктар сельгаснавук, прафесар Мiхаiл БАРАНОЎСКI азiраецца з удзячнасцю на жыццё. Хаця простым яно не было. У дзяцiнстве перанёс цяжкiя захворваннi, ледзьве не загiнуў, калi ў хату, пакрытую чаротам, ударыла маланка. Бацька ў апошнi момант выхапiў хлапчука з полымя. У школьныя гады сялянскага сына цiкавiў навакольны раслiнны i жывёльны свет. Яго даследаванне за паводзiнамi зiмуючых птушак адзначана на раённым конкурсе юных натуралiстаў.

Пасля заканчэння васьмiгодкi двойчы паступаў у медвучылiшча, але не хапiла балаў. Бацькi бачылi адзiнага сына ўрачом, а ён абраў заафак Беларускай сельгасакадэмii. Паспяхова здаў уступныя экзамены i быў залiчаны ва ўстанову. З першага курса захапiўся даследаваннямi на кафедры кармоў для жывёлы. Выступаў з дакладамi на студэнцкiх канферэнцыях, актыўна займаўся спортам, прадстаўляў альма-матэр на спаборнiцтвах па класiчнай барацьбе.

Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным заатэхнiкам у саўгасе «Пiркi» Брагiнскага раёна. Адслужыў у Савецкай армii i вярнуўся да прафесii. Скончыў аспiрантуру, абаранiў кандыдацкую, а потым i доктарскую дысертацыi. За паўвека сваёй дзейнасцi падрыхтаваў дзесяць кандыдатаў i двух дактароў сельгаснавук, запатэнтаваў 40 аўтарскiх вынаходнiцтваў, выдаў тры манаграфii, звыш трохсот навуковых артыкулаў. Актыўна займаецца выпрацоўкай метадаў павышэння якасцi вытворчасцi малака на фермах рэспублiкi.

За плённыя навуковыя вынiкi Мiхаiл Васiльевiч адзначаны медалём «За працоўныя заслугi», пiсьмом з падзякай Прэзiдэнта, граматамi Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Мiнсельгасхарча, Мiнскага аблсавета дэпутатаў, Нацыянальнай акадэмii навук, спецыяльным знакам i Падзякай старшынi прэзiдыума Нацыянальнай акадэмii навук. Прымаў удзел у лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС, пастаянна выбiраецца дэпутатам мясцовых органаў улады.

— Са школьных гадоў захапляюся фiзiкай, — распавядае прафесар Мiхаiл Бараноўскi. — У асноўным распрацоўваю вынаходнiцтвы, звязаныя з фiзiчнымi законамi дзейнасцi тэхналагiчнага абсталявання малочна-таварных ферм. Як галоўны навуковы супрацоўнiк па якасцi малака НПЦ жывёлагадоўлi, пастаянна трымаю сувязь са спецыялiстамi гэтай галiны. Доктарскую дысертацыю прысвяцiў больш паглыбленаму даследаванню паляпшэння якасцi малака. Чым больш яно высокай якасцi, тым больш канкурэнтаздольнае на рынку. Важна вытрымлiваць асноўныя санiтарна-гiгiенiчныя параметры: кiслотнасць i бактэрыяльнае абнасенне. Распрацавалi лiнейку мыйных i дэзiнфекцыйных сродкаў для санiтарыi малочнага абсталявання. Лiчу самай значнай сваёй навуковай працай спосаб ачысткi малака ад радыенуклiдаў. Праводзiлi шмат розных эксперыментаў, але спынiлiся на прымяненнi прыродных цэалiтаў. Атрымалi два важныя патэнты на ачышчэнне малака ад радыеактыўных элементаў, распрацавалi прыбор для кантролю перадмастытнага стану малочнай залозы кароў — бiятэст. Дарэчы, магчыма яго прымяняць i ў медыцыне.

I сёння няма такога тыдня, каб не выязджаў на фермы. Некалькi дзён таму на МТК «Жажэлка», што ў Смалявiцкiм раёне, кансультаваў, як найлепш рэканструяваць памяшканнi. Запомнiлася наведванне ААТ «Шайцерава» Верхнядзвiнскага раёна. Тут першымi ў рэспублiцы на даеннi кароў прывязнага ўтрымання ўкаранiлi сiстэму, калi даiльныя апараты ўсталяваны на монарэйках: кiраваць iмi можна як у ручным рэжыме, так i ў аўтаматычным.

За ходам вытворчага працэсу загадчык фермы назiрае па манiторы з кабiнета. Прымяненне такой сучаснай тэхнiкi дазваляе атрымлiваць малако вышэйшай якасцi. Дырэктару Мiхаiлу Гумнянкову выказаў тады, што новаўвядзенне абавязкова дасць свой плён. А неўзабаве на Мiжнароднай спецыялiзаванай выставе «Белагра» кiраўнiк гаспадаркi адзначаны ўзнагародай за высокiя вытворчыя паказчыкi ў жывёлагадоўлi. З радасцю павiншаваў яго. Калi на фермах выкарыстоўваюць усё новае i перадавое, i вынiкi адпаведныя. Многаму можна павучыцца ў жывёлаводаў перадавых калектываў. Лiдзiруюць у рэспублiцы па прадукцыйнасцi дойнага статка гаспадаркi Гродзенскага раёна, упэўнена наблiжаецца да iх узроўню свiслацкае КСУП «Ханчыцы-Нёман». Дырэктар Юрый Касталомаў рашуча ўзяў курс на мадэрнiзацыю малочнай галiны. Дзякуючы выкарыстанню iнавацыйных падыходаў атрымлiваецца прадукцыя высокай якасцi, а гэта дазваляе дадаткова поўнiць казну фiнансамi, павышаць заробкi.

— Завяршаецца абвешчаны на дзяржаўным узроўнi Год мiру i стварэння. Якiм выдаўся для вас?

— Быў насычаны напружанай працай. Маiмi калегамi разам са спецыялiстамi Мiнсельгасхарча i Белплемжыўаб'яднання створана галштынская парода малочных кароў айчыннай селекцыi. Iх патэнцыяльная прадукцыйнасць — 12 тысяч кiлаграмаў карыснага прадукту за лактацыю з тлустасцю звыш чатырох працэнтаў i бялком звыш трох. Ёмiстасць вымя такой рагулi да 30 кiлаграмаў. Важна не толькi дабiвацца высокай прадукцыйнасцi, а i клапацiцца пра якасць малака. Дзеля гэтага займаемся аналiзам i ўдасканаленнем працэсу даення. Перавод статка на новыя комплексы значна павышае працэнт атрымання высакаякаснага прадукту. Узровень тэхналагiчнага абсталявання на такiх МТК значна лепшы, чым даводзiлася бачыць у еўрапейскiх калег.

— Мiхаiл Васiльевiч, працуючы над чарговым вынаходнiцтвам, цi даводзiлася рызыкаваць?

— Мой знак задыяка — Вагi, таму пераважна паступаю ўзважана. Асаблiва пры распрацоўцы чарговага вынаходнiцтва. Дэталёва ўсё абдумаю i пралiчваю. Калi ўзнiкае неабходнасць, звяртаюся да кампетэнтных асоб i толькi потым прымаю рашэнне. Кожны вучоны рызыкуе, бо i адмоўны вынiк таксама важны. Для атрымання высакаякаснага малака неабходна не толькi ствараць iдэальныя з пункту гледжання гiгiены ўмовы. У значнай ступенi якасць прадукту залежыць ад кармоў. Па распрацоўцы рацыёну раюся з вучонымi НПЦ па земляробстве. Калi ў корме кароў перадазiроўка крыжакветных культур, таго ж самага рапсу, то малако будзе мець прысмак капусты. Нестандартны прадукт. Мой калега Аляксандр Казiнец у супольнасцi з доктарам сельгаснавук Ядзвiгай Пiлюк, якая спецыялiзуецца на селекцыi маслiчных культур, праводзiлi даследаваннi доз рапсавых жамерынаў у рацыёне дойнага статку. На аснове атрыманых вынiкаў распрацоўваюцца дапушчальныя дозы гэтага кампанента. Завезена да нас буйная рагатая чырвоная жывёла дацкай пароды. Будзем вывучаць i распрацоўваць метады атрымання найбольш якаснай прадукцыi ад гэтых кароў.

— Якой бачыцца ваша навуковая дзейнасць у будучым?

— Самае галоўнае — прадоўжыць жыццё карове. Пакуль у сярэднiм яна выкарыстоўваецца 2,7 лактацыi. Рэдкiя рагулi вытрымлiваюць пяць цi шэсць. Як павялiчыць даўгалецце малочных кароў? Другая праблема — мiнiмiзаваць захворваннi, асаблiва па малочнай залозе, бо гэта ўплывае на якасць прадукту.

Прэзiдэнт ставiць задачу больш актыўна прымяняць сучасныя тэхналогii ў малочнай галiне. На гэта будзе накiравана дзейнасць. Паказальны прыклад атрымання высакаякаснага малака на МТФ гомельскага ААТ «Брылёва». Важную ролю ў гэтай справе адыгрываюць кармы, умовы ўтрымання жывёлы i кадры.

— За паўвека сваёй дзейнасцi вы дасягнулi пэўных вышынь, сталi доктарам навук, прафесарам. Цi многа ў вас вучняў?

— Колькi займаюся навуковай дзейнасцю, столькi дзялюся набытымi ведамi з моладдзю. Наш НПЦ пастаянна папаўняецца выпускнiкамi аграрных ВНУ. Аспiранты, у якiх кiраваў падрыхтоўкай кандыдацкiх дысертацый, паспяхова абаранiлi iх. Калегам-пачаткоўцам iмкнуся перадаць усё, што назапасiў за дзесяцiгоддзi. З задавальненнем займаюся любiмай працай. Са студэнцтва прызвычаiўся да грамадскай дзейнасцi. Пятае склiканне запар — дэпутат Жодзiнскага гарсавета. Займаўся фармiраваннем зборнай краiны для ўдзелу ў мiжнародным конкурсе аператараў машыннага даення кароў, што праходзiў у паселiшчы Шушары Ленiнградскай вобласцi. Там атрымалi дыплом i кубак, якiя захоўваюцца ў Мiнсельгасхарчы. I ў савецкiя часы наша каманда, якою кiраваў на Усесаюзных спаборнiцтвах аператараў машыннага даення кароў, трымалася ў лiку прызёраў. Памятаю, як на конкурсе ў Волагдзе, дзе самыя масавыя спаборнiцтвы былi сярод даяроў, Уладзiмiр Чвыр з бялынiцкай гаспадаркi стаў бронзавым прызёрам. Лаўры чэмпiёнкi дасталiся даярцы Таццяне Касцючэнкi з гаспадаркi «Лясная» Слаўгарадскага раёна. Пасля распаду Саюза прымаў удзел у адраджэннi конкурсу жывёлаводаў. Праводзiлi яго на Брэстчыне, а потым двойчы ў Горках. З-за пандэмii прыпынiлi яго, але адновiм. Пачнём з раёнаў, затым правядзём у абласцях i завершым агульнарэспублiканскiмi спаборнiцтвамi працаўнiкоў ферм.

— З чаго пачаўся ваш шлях у аграрную навуку?

— З даручэння настаўнiцы бiялогii Веры Цiмафееўны Данчанкi назiраць за паводзiнамi птушак, што застаюцца зiмаваць. Адчувала яна маю цiкавасць да прадмета. У сталярнай майстэрнi зрабiў некалькi кармушак i развесiў на яблынях у школьным садзе. Падсыпаў проса, насенне акацыi i дзiкiх раслiн, на нiтачцы вешаў шматкi несалёнага сала. I назiраў. Смялей за ўсiх сябе вялi сарокi, прыляталi ў кармушкi снегiры, сiнiчкi, сойкi, вароны. Настаўнiца параiла напiсаць пра паводзiны зiмуючых птушак. На раённым конкурсе даследаванне прызналi адным з лепшых. Вучняў у нашай Рухчанскай сярэдняй школе было шмат. Наведвалi яе дзецi з дзвюх вёсак, якiя насiлi адну i тую ж назву. Толькi ў Рухчы-1 жыла шляхта, а ў Рухчы-2 — мужыкi. Каранi майго роду з той самай пiнскай шляхты. У даваенны час бацьку Васiля Iосiфавiча прызвалi ў Войска Польскае. Служыў ардынарцам у палкоўнiка. Калi гiтлераўская Германiя напала на Польшчу, тату на балтыйскiм паўвостраве Хель у час бамбёжкi кантузiла. Ён трапiў у палон. Да мая 1945‑га прайшоў праз страшэнныя выпрабаваннi ў канцлагерах каля Францыi. Вызвалiлi яго амерыканскiя войскi. А бацькаў брат Аляксандр у складзе савецкiх войск дайшоў да Берлiна. Пасля перамогi над гiтлераўскай Германiяй бабуля Вольга штодня выходзiла на шлях, чакаючы сыноў з вайны. Летам яны вярнулiся. Тата быў адным з актывiстаў у час калектывiзацыi. Даглядаў калгасных коней, а потым скончыў курсы i да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў асемянатарам. Мацi Ева Фядотаўна з мужыкоў, вырасла на палескiм хутары. Дзядуля Фядот быў адмысловым бондарам, многаму мяне навучыў. Выраблялi з iм дубовыя бочкi для збожжа, дзежкi, барыльцы, цэбрыкi. Давяраў стругам здымаць кару з бярвён, збiраць клёпкi. З усiх навакольных вёсак прыязджалi на хутар за бондарскiмi вырабамi. Вёска славiлася ў наваколлi музыкамi: баянiстам i скрыпачом. На танцпляцоўку з дашчатай падлогай з'язджалася моладзь. Асаблiва шмат гасцей збiралася на прастольнае вясновае свята Мiколы Цудатворца. На наш падворак на конях прыязджалi сваякi. Завяршалася святкаванне танцамi пад баян i скрыпку. Вучнёўскiм хорам, у якiм i мне пашчасцiла ўдзельнiчаць, славiлася школа. Нам апладзiравалi на раённым аглядзе самадзейнасцi за харавое выкананне «Амурскiх хваляў». Хутка прамiльгнулi юнацкiя гады.

— Складана было пасля школьнай праграмы засвойваць вышэйшую матэматыку, iншыя дакладныя дысцыплiны?

— Вучоба лёгка пайшла. На другiм курсе ўступiў у студэнцкае навуковае таварыства. Рыхтаваў даследаваннi, выступаў на канферэнцыях. Неаднаразова адзначаўся. З цiкавасцю займаўся ў гуртку па кармленнi жывёлы, дзе вывучалi змяненне якасцi кармоў у працэсе захоўвання ў стойлавы перыяд. На вучэбнай жывёлаводчай ферме акадэмii адбiралi пробы кармоў i даследавалi iх хiмiчны састаў, спажыўнасць. Якой радасцю было, калi на студэнцкай канферэнцыi даследаванне прызналi лепшым. Знаходзiў час i для спорту. Захапляўся класiчнай барацьбой, выступаў за акадэмiю. На Усесаюзных сельскiх гульнях, што праводзiлiся ў краiнах Балтыi, у сваёй вагавой катэгорыi заняў прызавое месца. Паспяхова здаваў экзаменацыйныя сесii. Пераддыпломную практыку праходзiў у горацкiм калгасе «Памяць Фрунзе». Рэктар акадэмiк Мiхаiл Канстанцiнавiч Сонцаў параiў дыпломную работу прысвяцiць выпрабаванню кармавога антыбiётыку на цялятах. На некалькi месяцаў давялося перапынiць практыку з-за таго, што ў складзе студэнцкай групы адправiўся ў Лейпцыгскi ўнiверсiтэт iмя Карла Маркса. Два месяцы практыкавалiся ў ГДР. Пасля вяртання завяршыў дыпломную работу i паспяхова абаранiў. Атрымаў накiраванне на працу галоўным заатэхнiкам у брагiнскi саўгас «Пiркi». Доўга там працаваць не давялося: вясною прызвалi ў армiю.

— Дзе давялося служыць?

— Спачатку ў Заходняй Украiне, потым нашу лётную часць перавялi ў Манголiю. Запомнiўся Улан-Батар са шматпавярховымi дамамi i мноствам вакол iх рознакаляровых юрт. Манголы гаварылi, што ў такiх шалашах цяплей. Бачыў пастухоў у стэпах, якiя пасвiлi вялiкiя гурты жывёлы. Запомнiлася, што трава там цёмна-зялёнага з сiнiм адлiвам колеру (ад дастатковасцi азоту ў глебе). У час армейскай службы атрымаў запрашэнне на вучобу ў аспiрантуру. Прыляцеў у Мiнск, завiтаў да сяброў, а потым накiраваўся праведаць бацькоў. Уся вёска сабралася ў нашым доме, каб адзначыць маё вяртанне. На другi дзень адправiўся ў райваенкамат, каб стаць на ўлiк.

А там паведамiлi, што мною зацiкавiлася кiраўнiцтва калгаса «17 Верасня». Гэта была адна з лепшых гаспадарак у Столiнскiм раёне i вобласцi. Атрымаў прапанову ўзначалiць зоатэхнiчную службу. Гаспадарка славiлася перадавiкамi. Жывёлаводка Нiна Бакунец увайшла ў гiсторыю нашай краiны як самы малады Герой Сацыялiстычнай Працы.

— Калi адчулi сябе вучоным?

— Скажу шчыра, не адчуваў гэтага, калi ўручалi дыплом доктара сельгаснавук. Дарэчы, у галiне жывёлагадоўлi ў нашай краiне першым атрымаў гэта званне, як i званне прафесара. Запомнiлася, як на той урачыстасцi да мяне падышла акадэмiк Любоў Хатылёва, пацiснула руку, абняла i сказала: «Вы такi малады i ўжо такога дасягнулi». Было мне 45 гадоў. Сапраўдным вучоным адчуў сябе, калi ў соты раз ладзiў вучобу спецыялiстаў па тэхналогii вытворчасцi малака на прамысловай аснове. Вялiкая адказнасць быць аграрным вучоным.

— Што не паспелi зрабiць?

— Марыў стаць майстрам спорту па класiчнай барацьбе. Званне кандыдата атрымаў, а крыху не хапiла да больш высокай ступенi. Па-ранейшаму захапляюся гэтым вiдам спорту. Наведваю спаборнiцтвы, трэнеры мяне пазнаюць.

— А цi ёсць такi ўчынак у вашым жыццi, за якi сорамна?

— Мала надаваў увагi сваёй сям'i. Так распарадзiўся лёс, што з першай жонкай Раiсай Мiкалаеўнай пражылi ў шлюбе дваццаць гадоў, выхавалi дзяцей. Яны маюць свае сем'i. Дачка Наталля жыве ў Жодзiне, сын Дзмiтрый працуе дальнабойшчыкам. Падрастае чацвёра ўнукаў. Унучок Вадзiм нясе далей радавое прозвiшча Бараноўскi. Унучка Ксенiя з адзнакаю скончыла Вiцебскую дзяржаўную акадэмiю ветэрынарыi i працуе начальнiкам экспартнага аддзела на прадпрыемстве «Смалявiчы Бройлер». Унучка Лiза — выдатнiца Барысаўскага медвучылiшча, працуе ў бальнiцы i завочна вучыцца на трэнера-рэабiлiтолага.

У мяне другi шлюб з Марынай Iванаўнай. Па адукацыi яна педагог, шмат у чым яе заслуга, што абаранiў доктарскую дысертацыю. Хацеў, каб яна на мяне звярнула ўвагу, i стаў больш азартна займацца навукай.

— Якой бачыце будучае аграрнай навукi?

— Час патрабуе перагледзець многае. Каб правесцi навуковы дослед, трэба шмат папер падрыхтаваць на дазвол. Калi даследчыка спасцiгае няўдача, павiнен вярнуць патрачаныя сродкi. Гэта спыняе ў дзейнасцi. У навуковым асяроддзi варта максiмальна ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнiчную базу для правядзення даследаванняў. У рэспублiцы шмат малочна-таварных комплексаў, многiя з iх падыходзяць да рубяжа, калi паўстае неабходнасць у мадэрнiзацыi. Iнакш атрымаецца так, як раней: даiльныя ўстаноўкi працавалi па дваццаць гадоў, маральна састарэлi. Час задумацца пра пераабсталяванне на комплексах i вырашаць, як паступаць з фермамi, на якiх нiзкiя надоi. Прэзiдэнт адзначаў: «Калi не можаце цялятак вырошчваць, лепш перавесцi статак туды, дзе паспяхова iдуць справы». Гэта разумнае рашэнне. У «Сельской газете» пастаянна друкуюцца вынiкi гаспадарчай дзейнасцi АПК. Згодна з такой iнфармацыяй трэба i вырашаць, як быць з тымi, хто ў нiжняй частцы таблiцы. Рубiць адразу нельга, усё патрабуе навуковага падыходу.

Владимир СУББОТ.
subbat50@mail.ru

Фото: Владимир СУББОТ.

Источник – сайт «Сельской газеты»  от 25.12.2023 г.

О нас пишут