тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
22.05.2023

О нас пишут

О на пишут

При сегодняшнем уровне науки можно достичь как невероятного, так и опасного – академик Станислав Гриб

Акадэмік Станіслаў Грыб: «Пры сённяшнім узроўні навукі можна дайсці як да неверагоднага, так і да небяспечнага»

Вядомы ў нашай краіне і ў замежжы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар сельгаснавук, прафесар Станіслаў ГРЫБ – аўтар 80 раянаваных сартоў сельгаскультур, з якіх 16 уключаны ў рэестры замежжа. У яго даследчым арсенале амаль паўтысячы навуковых прац, сем вынаходніцтваў, а таксама манаграфіі, кнігі, падручнікі, каталогі, артыкулы, тэзісы, даклады на міжнародных канферэнцыях.

Значны ўклад ім унесены ў развіццё нацыянальнай школы селекцыі і насенняводства. На аснове яго навуковага абгрунтавання наладжана ў рэспубліцы селекцыя інтэнсіўных сартоў збожжавых з ураджайнасцю звыш 100 цэнтнераў з гектара. Пад кіраўніцтвам акадэміка распрацаваны метады стварэння генетычнай разнастайнасці і ідэнтыфікацыі генатыпаў сельгаскультур, абгрунтаваны параметры мадэлі інтэнсіўных сартоў, створаны і ўкаранёны ў вытворчасць сістэмы высокапрадукцыйных, рэсурсазберагальных сартоў збожжавых.

Навуковую дзейнасць Станіслаў Іванавіч спалучае з адміністрацыйнай працай. Ён старшыня Вучонага савета па абароне дысертацый НПЦ па земляробству, член савета Белдзяржсельгасакадэміі, член Вучонага і навукова-метадычнага савета НПЦ па земляробству, член дзяржаўнага экспертнага савета Дзяржкамітэта па навуцы і тэхніцы, намеснік кіраўніка каардынацыйнага савета Дзяржпраграмы «Генетычныя рэсурсы раслін».

Акадэмік рэдагуе спецыялізаваныя навуковыя часопісы. Выбраны замежным членам Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украiны, ганаровым прафесарам Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук і ганаровым доктарам Белдзяржсельгасакадэміі.

За цыкл навуковых даследаванняў «Распрацоўка метадаў і вынікі селекцыі высокапрадукцыйных, рэсурсаэканомных сартоў яравога ячменю і азімага жыта» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі.

У арсенале яго ўзнагарод – ордэн «Знак Пашаны», медалі і дыпломы ВДНГ, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінсельгасхарчу.

Кроўная сувязь з зямлёй акадэміка Станіслава Грыба мае трывалыя радавыя кара­ні. Дзядуля Канстанцін Сокал на пачатку мінулага стагоддзя, каб набыць зямлю-карміцельку, адправіўся на заробкі ў далёкую Амерыку. Вярнуўся дамоў і прыдбаў чатыры гектары поля, сенажаць, выпас для жывёлы і палоску альховага лесу. Драўляны дом яго ў вёсцы Савічы, што ў некалькіх кіламетрах ад райцэнтра Дзятлава, акружаў сад. Дзясятак вулляў стаялі пад яблынямі.

З далёкага дзяцінства Станіслаў Іванавіч памятае, як дзядуля Канстанцін Сокал замяніў яму і дваім старэйшым братам бацьку, які прапаў без вестак на вайне. З маленства асірацелыя хлопчыкі прызвычайваліся да сялянскіх занят­каў. Аўдавелая маці адна выхоўвала дачку і трох сыноў. У арганізаваным калгасе Сабіна Канстанцінаўна ўзначаліла льнаводчае звяно. Пазней перайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму. Выхоўваць дзяцей ёй дапамагалі састарэлыя бацькі.

На падворку ў нялёгкія пасляваенныя часы трымалі карову, свіней, хатнюю птушку. На няўдобіцах касілі асаку, назапашвалі сена на зіму. Ноччу пешшу хтосьці з сям'і адпраўляўся за тры кіламетры ў Дзятлава, каб заняць чаргу ў магазіне за хлебам. У сетках неслі боханы дамоў. Выручаў сям'ю сад, у якім больш за ўсё было яблыкаў гатунку «антонаўка». Частку сада­віны здавалі па мізэрнай цане ў Дзятлаўскі вінны цэх. Даводзілася там суткамі стаяць у чарзе. Сабраную садавіну захоўвалі ў саломе на гарышчы. Зімою на кані вазілі яблыкі на базар у райцэнтр. Атрыманыя за продаж сродкі дапамагалі абуць і апрануць дзяцей. Усёй сям'ёй спраўляліся з хатняй гаспадаркай. Радавалася маці паспяховай вучобе дачкі і сыноў. Сапраўдным святам у сям'і стаў момант, калі старэйшая з дзяцей дачка Ганна разам з атэстатам сталасці атрымала і залаты медаль. Паспяхова яна закончыла і Беларускую сельгасакадэмію і да выхаду на заслужаны адпачынак выкладала ў Навагрудскім сельгастэхнікуме…

З такіх успамінаў пра мінулае пачалася наша размова ў Рэспуб­ліканскім навукова-практычным цэнтры па земляробству НАН Беларусі з акадэмікам Станіславам Грыбам.

– Вось толькі ў адрозненне ад сястры сярэднюю школу закончыў з сярэбраным медалём, – пад­крэсліў Станіслаў Іванавіч. – Падвяло хваляванне на выпускным экзамене па рускай мове і літаратуры. У сачыненні неабачліва дапусціў недарэчнасць і атрымаў у атэстаце сталасці адну чацвёрку. Але ўсе ўступныя экзамены на аграфак Беларускай сельгасакадэміі вытрымаў на выдатна і стаў студэнтам. Вучоба захапіла адразу. У навуковым гуртку займаўся рознымі даследаваннямі. Эксперымента­валі на выдзеленым для гэтага полі. На канікулах імчаўся дамоў, каб дапамагчы маці па гаспадарцы. З братамі касілі траву, нарыхтоўвалі дровы, агарод апрацоўвалі. Праца нас выхоўвала. З сёмага па дзясяты клас я насіў пошту ў родных Савічах. Была ў паштовай сумцы і «Калгасная праўда». Перад тым як разнесці па адрасах карэспандэнцыю, сам чытаў галоўную сялянскую газету. Яна фарміравала мой светапогляд. Так сталася, што праз дзесяцігоддзі быў грамадскім карэспандэнтам «Сельской газеты». І зараз пастаянна чытаю матэрыялы журналістаў майго любімага выдання, асабліва цікаўлюся справамі сельскіх працаў­нікоў рэспублікі.

– Станіслаў Іванавіч, што падштурхнула вас заняцца навуковай дзейнасцю?

– Знаёмства з вядомым бела­рускім селекцыянерам Аляксеем Багамолавым. Сустрэўся з ім у час пераддыпломнай практыкі ў Гро­дзенскай абласной доследнай станцыі, якую ён узначальваў. З першага дня практыкі мне даручылі выконваць абавязкі старшага навуковага супрацоўніка. Гэта надало працоўнага настрою і адказнасці. Аляксей Міхайлавіч займаўся селекцыяй жыта, а яго жонка Марыя Трыфанаўна вяла даследаванні па яравым ячменю. На гэтых доследных дзялянках атрымаў першы вопыт практычнай селекцыі.

Так сталася, што ў той год Багамолавы пераехалі ў Горкі. Аляксей Міхайлавіч выйграў конкурс на загадванне кафедрай селекцыі і насенняводства Беларускай сельгасакадэміі. Пад яго кіраўніцтвам праводзілі селекцыйныя доследы на акадэмічным полі. З лабарантам Нінай Дзмітрыеў­най Ламейкінай мы старанна да­глядалі пасевы збожжавых. Пасля вучобы мяне размеркавалі на кафедру селекцыі і насенняводства сельга­сакадэміі. Аляксей Міхайлавіч бачыў мае адносіны да навуковых даследаванняў. Ён карэнны масквіч, прайшоў праз ваенныя шляхі-дарогі, з адзнакай закончыў аграфак Беларускай сельгасакадэміі, абараніў дысертацыю і стаў прафесарам. Выведзены ім сорт жыта «беняконскае» ў пасляваенныя гады вырошчвалі ў Беларусі і Літве амаль на мільёне гектараў. Гэта быў сапраўдны трыумф селекцыянера, які і мяне вывеў на шлях навукі.

Шмат карыснага дала вучоба ў аспірантуры. Акрамя доследнай працы, выкладаў у будучых аграно­маў. Напэўна, лёсам было наканавана кіраваць падрыхтоўкай ды­пломнага праекта стараннай сту­дэнткі-выдатніцы Вольгі Ярома. На вучобу яна прыехала з Пружанш­чыны. Прыгажуня зачаравала мяне. Прапанаваў руку і сэрца. Са сваякамі і акадэмічнымі сябрамі згулялі камсамольскае вяселле. Жывём разам ужо 54 гады. Паўвекавы юбілей сумеснага сямейнага жыцця адзначылі вянчаннем у жодзінскім касцёле. На сямейную ўрачыстасць прыехала з Масквы дачка Наталля. Яна атрымала журналісцкую адукацыю ў БДУ і зараз працуе ў Белакамен­най. Сын Дзмітрый пайшоў па нашых слядах. Закончыў аграфак Белдзяржсельгасакадэміі і займаецца навуковай дзейнасцю ў НПЦ земляробства Нацыянальнай акадэміі навук. Падрастаюць унучкі Паўліна, Анюта і Данута. Мы з жонкай усё жыццё займаемся аграрнай навукай. Вольга Міхайлаўна сваю кандыдацкую дысертацыю прысвяціла генетычным даследаванням ячменю. Потым абараніла і доктарскую і стала доктарам біялагічных навук.

– А з якой культуры вы пачыналі сваю навуковую дзейнасць?

– У час вучобы ў аспірантуры заняўся селекцыяй яравога ячменю для вырошчвання яго ва ўмовах паўночна-ўсходняй часткі Беларусі. У той час у рэспубліцы не было сваіх сартоў гэтай культуры. Тагачасны дырэктар Інстытута земляробства Віктар Сцяпанавіч Шавялуха падбіраў кадры навукоўцаў для вывядзення новых сартоў. Ад яго паступіла прапанова і мне заняцца гэтай важнай тэматыкай. Дзяржава выдзяляла неабходныя сродкі на такія навуковыя распрацоўкі. З таго часу паўвека займаюся гэтай справай. Была арганізавана комплексная група па селекцыі ячменю. У яе ўвайшлі спецыялісты розных напрамкаў: селекцыянеры, генетыкі, фізіёлагі. У тыя часы ў Жодзіне быў уведзены ў эксплуатацыю фітатрон — адзін з самых лепшых у СССР. У 1973 годзе пачалі працу над вывядзеннем новага сорту ячменю. За аснову ўзялі матэрыял, атрыманы ад селекцыянераў ГДР. Там мне выпала праходзіць трохмесячную стажыроўку ў прафесара Дзіатара Лау. Нямецкі калега падзяліўся з намі зыходным матэрыялам. Амаль паўтара дзесяцігоддзі пайшло на вывядзенне новага сорту ячменю, які атрымаў назву «зазерскі 85». На палетках аршанскай эксперыментальнай базы «Вусце» ў 1987 годзе ён даў рэкордны для СССР ураджай — 101,4 цэнтнера з гектара. На асобных палях дзятлаўскага калгаса «Расія» ўраджайнасць дасягала 120 цэнтнераў. Па сотні цэнтнераў намалочвалі і на ячменным полі маладзечанскага калгаса «Светлы шлях». Сорт стаў папулярным не толькі ў нашай рэспубліцы, а і за яе межамі і да гэтага часу ўваходзіць ў лік дзесяці лепшых сартоў у Расіі.

– Як селекцыянер вы дасягнулі высокай планкі. Можна было ўжо на лаўрах і спачываць?..

– Поспех толькі надаў імпэту ў навуковай працы. Такі вынік атры­малі на палях эксперыментальнай гаспадаркі. Важна, каб потым новы сорт знайшоў масавае прымяненне. Шмат намаганняў давялося пры­класці для вывядзення архіў­стой­лівай ад палягання культуры. Такую задачу нам ставіў Прэзідэнт. Працуючы над вывядзеннем такога ячменю, улічвалі, што пераважная палова пасяўных плошчаў размешчана на пясчаных і супясчаных глебах і там кароткасцябловы ячмень проста выгарыць. Найбольш удалымі ў гэтым плане выдаліся сарты яравога ячменю «гонар» і «прыма Беларусі». Кожнаму полю адпавядае свой гатунак любой сельгаскультуры. На днях агледзеў доследнае поле азімага ячменю і заўважыў: з-за таго што амаль паўтара месяца не было дажджоў, пасевы прыгнечаны. З-за недахопу вільгаці ў глебе бакавыя парасткі не атрымалі развіцця. Чвэрць патэнцыяльнага ўраджаю ўжо страчана.

– Станіслаў Іванавіч, ведаю, што пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам выведзены айчынныя сарты яравой пшаніцы і трыцікале. Праца вялася паралельна з вывядзеннем новых сартоў ячменю?

– Яшчэ займаўся і аўсом. Удалым выдаўся «буг». Больш за мільён гекта­раў у нашай рэспубліцы і за яе межамі засеяны яравой пшаніцай «дар'я» і «рассвет». Першыя гібрыды трыцікале атрыманы нямецкімі вучонымі. Даследаванне падхапілі расійскія селекцыянеры. Мы гэтай культурай пачалі займацца амаль паўвека таму. Выведзены тры дзясяткі сартоў. У 1987 годзе дэбютавалі з новым сортам «дар Беларусі». Сёння гэта культура вырошчваецца на паўмільёна гектарах і значна папаўняе збожжавы запас краіны. Добра зарэкамендавалі сябе на нашых палях і азімыя сарты «дынама», «блага 16», «гродна». На палях перадавых гаспадарак намалочваюць з гектара звыш ста цэнт­нераў зерня гэтых і іншых сартоў трыцікале. Увогуле збож­жавыя – культуры высокарэнтабельныя.

– У былыя гады любой цаной імкнуліся павялічыць валавую вытворчасць сельгаспрадукцыі, зараз усё пралічваецца. А якое ваша стаўленне да гэтага?

– Дбайны гаспадар перш чым прыняць рашэнне, заўжды прааналізуе магчымую выгаду. Так ва ўсім трэба паступаць. У кожнай з паўтары тысяч гаспадарак краіны свае асаблівасці, нават у кожнага поля. У агракамбінаце «Сноў», у «Гастэлаўскім» ці ў большасці гаспадарак Гродзенскага раёна стала нормай высяваць ураджайныя сарты збожжавых. Сёння пры абсалютным выкананні тэхналогіі можна атрымліваць і да 150 цэнтраў збожжавых з гектара. У перспектыве гэта стане явай. Але ў нас цэлы шлейф сельгаспрадпрыемстваў, дзе ўраджайнасць не перавышае 20 цэнт­нераў. І ўсё ж за апошнія 30-40 гадоў культура раслінаводства значна вырасла. На зерневых па краіне ставіцца задача стабільна трымацца ўраджайнасці 40 цэнтнераў. Гэта рэальна. Каб дасягнуць такога, неабходны дыферэнцыяльны падыход да выбару сартоў, каб для кожнага поля быў вызначаны адпаведны.

– Як маці ведае характар свайго дзіцяці, так аграном павінен адчуваць асаблівасці кожнага поля…

– Менавіта так. Патрэбна адаптаваная сістэма выкарыстання гатункаў. У нашай краіне яна створана. У тым ліку і за ўдзел у гэтай важнай справе мяне адзначылі Дзяржаўнай прэміяй. Вучоныя стварылі такія сістэмы і па іншых культурах. Толькі вось не ўсюды агранамічная служба гатова выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі. Узгадваецца, як у былыя гады мы цесна супрацоўнічалі з земляробамі. Кіраўнікі гаспадарак, аграномы пастаянна былі ў нашых кабінетах, цікавіліся справамі на доследных палях. На ўсю рэспубліку грымеў клуб «100».

– Праца вучонага-селекцыянера – гэта пастаянны пошук новага. Пры гэтым даводзіцца ісці і на рызыку. Як вы паступаеце ў такіх сітуацыях?

– Мой прынцып у навуковай дзейнасці – трымацца надзейных класічных метадаў. Але і без рызыкі не абысціся. Кожны навуковы эксперымент – рызыка. Не баюся гэтага. Кожны новы выведзены сорт сельгаскультуры для мяне як сапраўднае дзіця. Больш за дзесяць гадоў неабходна на атрыманне канчатковага выніку. Потым яшчэ тры гады – на дзяржаўнае сортавыпрабаванне. Пасля гэтага спецыяльная служба вырашае, ці прыгодны новы сорт для шырокага выкарыстання. Здараецца, што па нейкіх параметрах ён бракуецца. Такія моманты не рэдкасць у селекцыянераў усяго свету. Аднак, згодна з нашым заканадаўствам, стваральнік непрынятага камісіяй сорту павінен усе сродкі, патрачаныя на селекцыйную працу, вярнуць у бюджэт. Ні ў адной краіне такога няма. Раней Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання было зацікаўлена аператыўна ўкараняць у вытворчасць усе новыя распрацоўкі, бо даводзіўся адпаведны план. Такі парадак адмянілі. Цяпер, калі новы сорт сельгаскультуры ці іншая навуковая распрацоўка за вызначаны тэрмін не акупіла затраты, адказвае аўтар або арганізацыя, дзе ён працуе. Ва ўсім свеце галоўная задача селекцыянера – стварыць сорт і перадаць яго вытворцам. У нас гэта пытанне патрабуе неадкладнага дзяржаўнага разгляду.

– Дзесяцігоддзямі вы займаліся не толькі навукай, але і адміністрацыйнымі справамі. Што вам больш па душы?

– У свой час працаваў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі, ака­дэмікам-сакратаром аддзялення земля­робства і расліна­водства Акадэміі аграрных навук Беларусі. Згаджаўся на гэтыя адказныя пасады з умовай штотыднёва адзін працоўны дзень займацца селекцыяй. А практычна яшчэ і выхадны аддаваў любі­май справе. Ні дня не магу ўявіць сябе без навукі. У былыя гады кіраваў Заход­нім селекцыйным цэнтрам. Неаднойчы прадстаўляў краіну на міжнародных спецыялі­заваных канферэнцыях. Вось ужо 21 год на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка НПЦ земляробства.

– Як на гэтай творчай пасадзе вам працуецца ў аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

– Цешуся тым, што над галавой мірнае неба. Асабліва гэта адчувальна для нас, хто перажыў цяжар той страшнай вайны, хто памятае пра галоднае пасляваеннае дзяцінства. Часам разважаю, як так сталася, што ў век неверагодных навуковых дасягненняў так неспакойна ў свеце. Хацелася, каб чалавецтва забыла пра войны. Можна іншымі шляхамі вырашаць складаныя праблемы. У грамадстве трэба трымаць дысцыпліну, не забываць пра ідэалогію, выхаванне моладзі. Сэрца сціскаецца ад болю, калі бачу кінуты на зямлю кавалак хлеба. Ці мае равеснікі могуць сабе такое дазволіць? І ў думках такога не дапускаем. Мой пінжак упрыгожвае медаль акадэміка Мікалая Іванавіча Вавілава. Ён для мяне ідэал, на яго ўсё жыццё імкнуся быць падобным. Радуюся, што ў Год міру і стварэння наша краіна трымае тэмпы развіцця. Аграрны сектар эканомікі гарантавана забяспечвае грамадства харчаваннем. Сельгаспрадукцыя, атрыманая ў нашых гаспадарках, усё больш становіцца экспартнай. Не памяшае нам мець 10 мільёнаў тон збажыны. І дзеля атрымання такога валавага збору неабходны як матэрыяльныя рэсурсы, так і старанне хлебаробаў, вучоных, усіх, хто заняты ў вытворчым працэсе.

– Станіслаў Іванавіч, у вашым паважаным узросце ці ўсё задуманае здзейснена?

– Свайго лепшага сорту збожжавых яшчэ не вывеў. Ёсць пэўныя задумкі, але няхай яны пакуль будуць пры мне. Пры сённяшнім узроўні развіцця навукі, калі можна кіраваць геномам, рэдагаваць яго, ёсць магчымасць дайсці як да неверагоднага дасягнення, так і да небяспечнага выніка. У сучасным свеце нішто не прадказальна. Як той жа кавід, што хваляй прайшоў па планеце і мільёны жыццяў забраў. Многія вядомыя ва ўсім свеце навукоўцы прызнаюць яго штучныя карані.

– Новае дыханне адчуваецца ў нашай аграрнай навуцы...

– Яно заўсёды свежае ў нас. Створана цудоўная доследная база. У навукова-практычным цэнтры сабраны Нацыянальны банк генетычных рэсурсаў раслін. У расійскім інстытуце імя Мікалая Вавілава 320 тысяч такіх узораў. Наша невялікая Беларусь мае 50 тысяч. Збіралі іх больш як два дзесяцігоддзі. Гэта адна з лепшых праграм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У спецыяльных камерах штучнага клімату пры нізкіх тэмпературах захоўваецца ўнікальны матэрыял для селекцыі. Захоўвацца ён можа да паўтара дзесяцігоддзя без перасеву. Патрэбна пастаянна папаўняць гэтыя фонды для стварэння новых выдатных сартоў. Нашым нашчадкам працягваць навуковую справу ў роднай Беларусі.

Владимир СУББОТ.
subbat50@mail.ru
Фото: Владимир СУББОТ.

Источник – сайт «Сельской газеты» от 20.05.2023 г.

СМИ