тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
24.08.2022

О нас пишут

О на пишут

В березовском ОАО «Нарутовичи» самый высокий заработок по району. Люди стремятся устроиться сюда на работу

ДЫРЭКТАР БЯРОЗАЎСКАГА ААТ «НАРУТАВІЧЫ» АЛЯКСАНДР КАШТАЛЬЯН:

«У ЖЫЦЦІ МНЕ ШЧАСЦІЦЬ НА ЧАЛАВЕЧУЮ ДАБРЫНЮ»

Свой жыццёвы выбар працаваць на зямлі Аляксандр КАШТАЛЬЯН зрабіў яшчэ ў дзяцінстве. Летнія канікулы бавіў у бабулі і дзядулі, за сядзібай якіх у бярозаўскай вёсцы Мастыкі пачынаецца луг, а далей — рэчка Ясельда.

Дзядуля Аляксандр Васільевіч прывучаў унука да сялянскіх спраў. Кемлівы хлопчык хутка засвоіў трымаць у руках касу, хадзіць за плугам, даіць карову. У жніво яго заварожвалі камбайны ў полі. Ад хроснага бацькі, які вучыўся ў Белдзяржсельгасакадэміі, шмат чуў пра студэнцкае жыццё. Пасля атрымання атэстата сталасці ў бярозаўскай № 2 Аляксандр без ваганняў падаў дакументы на эканамічны факультэт сельгасакадэміі, паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і стаў студэнтам.

Вытворчую практыку будучы эканаміст праходзіў на Бярозаўскім сырадзельным камбінаце. Эканамічнаму аналізу дзейнасці гэтага прадпрыемства прысвяціў дыпломны праект і абараніў яго на выдатна. Выпускнік экфака ўжо тады быў упэўнены, што правільна выбраў свой жыццёвы накірунак.

У студэнцкія гады займеў сям'ю. Жонка Алена Валер'еўна скончыла аспірантуру ў сельгасакадэміі. Пяць гадоў кіравання горацкім ААТ «Каменская ніва» сталі для Аляксандра Анатольевіча сапраўднай прафесійнай школай. Пасля рэфарміравання гаспадаркі вярнуўся з сям'ёю на родную Брэстчыну. Шосты год узначальвае адно з лепшых у Бярозаўскім раёне ААТ «Нарутавічы».

Вечны, як само чалавецтва, сімвал жыцця — хлеб. Нездарма яго называюць паслом міру і дабрабыту. Багаты каравай у 10 тысяч тон атрымалі сёлета ў бярозаўскім ААТ «Нарутавічы». З маладым дырэктарам Аляксандрам Каштальянам едзем палявой дарогай. З іржышча звозяць да жывёлагадоўчых комплексаў спрасаваную ў рулоны салому, а па суседстве магутныя трактары рыхтуюць глебу пад сяўбу азімых. Па другі бок дарогі ўверх цягнецца сцяна кукурузы.

— У апошнія дні лета на палях многа розных спраў, — заклапочаны Аляксандр Анатольевіч. — І з усім трэба своечасова справіцца. Значна абнавілі машынна-трактарны парк, сучасная магутная тэхніка выручае. На ўборцы збожжавых механізатары Сяргей Якубовіч і Андрэй Каспярчук першымі ў вобласці на камбайне GS-1624 пераадолелі тысячны рубеж па намалотах. Віншаваць іх прыязджаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Такая павага надала хлебаробам настрою. За жніво перадавы экіпаж намалаціў звыш 2000 тон збажыны. Амаль столькі і ў камбайнера Мікалая Гусько. Пасля завяршэння ўборкі механізатары пераселі на трактары. Трэба будзе засеяць амаль паўтары тысячы гектараў азімых. Частка тэхнікі занята на нарыхтоўцы кармоў. Завяршаем трэці ўкос траў на сенажацях. Хутка пачнём убіраць кукурузу на сілас. Такімі клопатамі жывём кожны дзень.

— У вашай гаспадаркі вузкая спецыялізацыя. Што гэта дае?

— Перавагу надаём развіццю жы­вёлагадоўлі  малочнага  і  мяснога накі­рунку. Раслінаводства забяспечвае грамадскі статак уласнымі кармамі. Вузкая спецыялізацыя паспрыяла максімальнаму выкарыстанню рэзерваў вытворчасці. На шматгаліновым сельгаспрадпрыемстве складана гэтага дабіцца. У нас галоўная крыніца паступлення фінансавых сродкаў ад рэалізацыі малака. Асноўныя затраты ў жывёлагадоўлі прыпадаюць на кармы, эксплуатацыю тэхнікі. Набылі лінію па перапрацоўцы насення рапсу — знізілі амаль на 70 працэнтаў сабекошт малака. Увогуле за апошнія пяць гадоў вырасла рэнтабельнасць сельгасвытворчасці. Ёсць за што набываць асноўныя сродкі, паспяхова развівацца, укараняць сучасныя тэхналогіі, павышаць працаўнікам заробкі.

— Гэта, пэўна, паўплывала на фарміраванне вашага аўтарытэту ў калектыве?

— Зразумела, там, дзе высокія заробкі, і аўтарытэт кіраўніка адпаведны. Узгадваю, як пачынаў працоўную дзейнасць эканамістам у драгічынскім ААТ «Агра-Дзеткавічы». Жонка засталася завяршаць вучобу ў аспірантуры. Пастаянна наведваў фермы, не прапускаў ні адзінай планёркі ў дырэктара, заўжды быў у курсе ўсіх гаспадарчых спраў. Жыць без сям'і было складана. Адпрацаваў неабходны па накіраванні тэрмін і паехаў да сям'і ў Горкі. Звярнуўся да старшыні райвыканкама Міхаіла Анікеева, каб уладкавацца на працу. Кіраўнік раёна ўважліва выслухаў мяне, і ў той жа дзень мы адправіліся ў Каменку. Збянтэжыў развал у гаспадарцы. Старшыня райвыканкама сказаў, што ў мяне ёсць магчымасць сябе праявіць у ролі кіраўніка сельгаспрадпрыемства. І вось у 23 гады ўзначаліў гаспадарку «Каменская ніва». Па ўсіх вытворчых паказчыках яна ў раёне была першай ззаду. Набліжалася веснавая сяўба, а тэхніка амаль уся няспраўная. Не было каму яе рамантаваць і працаваць на ёй, гас­падарка патанала ў даўгах. Мой энтузіязм і дапамога старшыні райвыканкама дазволілі з палявымі работамі справіцца. Мудры кіраўнік раёна Міхаіл Міхайлавіч многаму навучыў мяне. Наладзіўся вытворчы працэс на фермах, сталі расці эканамічныя паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Новы старшыня райвыканкама Ігар Макар вырашыў аб'яднаць гаспадарку з дзвюма суседнімі. У гэтым калектыве мой энтузіязм стаў незапатрабаваным, таму з сям'ёю пераехаў на родную Брэстчыну. Так супала, што ў гэты час у Нарутавічах не было намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі. Начальнік Бярозаўскага райсельгасхарча Міхаіл Крэйдзіч прапанаваў пасаду. Дырэктар гаспадаркі Мікалай Вайтуховіч не згаджаўся прызначаць эканаміста намеснікам па жывёлагадоўлі, але яго пераканалі маім пяцігадовым стажам дырэктарства. Працу ў Нарутавічах пачаў з агляду ферм, знаёмства з калектывам жывёлаводаў, з аналізу вытворчай дзейнасці галіны. Гадавы надой ад каровы перавышаў 4000 кілаграмаў. Перагледзеў рацыён кармлення жывёлы — сталі расці надоі. Калі дырэктар цяжка захварэў, то параіў кіраўніцтву раёна на сваю замену мяне. З 2016 года ўзначальваю гаспадарку.

— Як змяніліся вытворчыя паказчыкі?

— На нашых фермах 4700 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх трэцяя частка — дойны статак. Гадавы надой ад каровы вырас удвая. Усё малако экстра рэалізуем на ААТ «Савушкін прадукт», а МТФ «Нарутавічы» пастаўляе сыравіну выключна для вытворчасці дзіцячага харчавання.

— Ці мянялі каманду галоўных спецыялістаў пасля ўзначальвання калектыву?

— Мы ўсе адзін аднаго добра ведаем. Той, хто не вытрымаў маіх патрабаванняў, памяняў працу. Калектыў папаўняецца маладымі кадрамі.

— Вам няма яшчэ і сарака, а за плячыма ўжо больш дзесяці гадоў стажу дырэктарства. Што павінна быць галоўным у працы кіраўніка?

— Увага да падначаленых. Пугай і павышаным тонам аўтарытэт не заваюеш. Важна імкнуцца зразумець чалавека, знайсці падыход да кожнага і ўмець правільна паставіць рэальныя задачы. З малой справы кожнага складаецца агульны вынік. Адзначу, што кіраўніку, акрамя прафесійнай падрыхтоўкі, нялішне валодаць ведамі псіхолага.

— Які для вас ідэальны кіраўнік на вёсцы?

— Усебакова развітая асоба, якая дасканала разбіраецца ў асновах сучасных тэхналагічных працэсаў. Час на месцы не стаіць, пастаянна развіваецца вытворчасць. Як можна патрабаваць ад падначаленага таго, чым сам не валодаеш. Цікаўлюся ўсім новым у аграрным сектары. Важна, каб і галоўныя спецыялісты трымалі руку на пульсе часу. Разам абмяркоўваем справы, выпрацоўваем стратэгію развіцця вытворчага працэсу. Калі валодаеш сітуацыяй, ясней бачыцца перспектыва.

— Якая яна ў вашай гаспадаркі?

— У павелічэнні пагалоўя, пераважна дойнага статку. На кожны з нашых 2100 гектараў сельгасугоддзяў прыпадае 75 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 23 каровы. Настроены напалову павялічыць гэты паказчык. Разлічваем пабудаваць цэхі па перапрацоўцы малака і мяса, што дасць магчымасць атрымліваць дадатковы прыбытак.

— Ваша жыццё напоўнена рознымі падзеямі. Ці ўзнікала жаданне памяняць працу?

— Будні кожнага кіраўніка насычаны справамі. Важна ўмець уздымацца над дробязямі, вызначаць галоўнае і памятаць: за тваімі плячыма людзі, іх сем'і. Ты ў адказе не толькі за сябе, а і за лёсы падначаленых. Адступаць — доля слабых. На цябе раўняюцца, ад цябе чакаюць рашэнняў, а таму важна сур'ёзна вымяраць кожны крок. Але кіраўнік такі ж, як і ўсе, да яго адпаведна трэба адносіцца.

— Аляксандр Анатольевіч, што вам больш імпануе ў чалавеку?

— Інтэлект. Паважаю людзей чэсных, шчырых і працавітых. Сам з дзяцінства імкнуся ва ўсім быць першым — так мяне выхавалі. Важна да гэтага імкнуцца, і ўсё атрымаецца. Лідару цяжка трымаць планку, можна і ўступаць першынство іншаму. У такі момант узнікае стымул для вяртання страчанай пазіцыі. Аналізуеш сітуацыю, чаму так здарылася.

— Што для гэтага патрэбна?

— Рашучасць і смеласць, імкненне крочыць толькі наперад. З галоўнымі спецыялістамі абмяркоўвалі ідэю ўзвядзення МТК на 720 кароў. Уласнымі намаганнямі вырасцім маладняк для запаўнення комплексу, так павялічым вытворчасць малака. З'явяцца новыя працоўныя месцы, а кадраў хапае. У калектыве самы высокі ўзровень сярэднямесячных заробкаў па раёне — 1700 рублёў. Людзі тэлефануюць, каб уладкавацца на працу. Ёсць з каго выбіраць жывёлаводаў і механізатараў. Кожнаму даём шанс зацвердзіцца, высока трымаем статус гаспадаркі.

— Мудры кіраўнік — асаблівае вязенне для гаспадаркі?

— Яно так, але да мудрасці мне далёка. Многаму вучуся ў працаўнікоў. Кожны з іх — невычэрпная крыніца сялянскіх ведаў. Важна ўсё заўважаць і спасцігаць. Шмат карыснага пераняў ад былога старшыні Горацкага райвыканкама Міхаіла Анікеева, многаму вучуся ў дырэктара бярозаўскага ААТ «Вінец» Яўгена Шаўчука. Кожны дзень дорыць сустрэчы з цікавымі людзьмі, абагачае вопытам, надае мудрасці.

— Якое ў вас галоўнае правіла ў кіраванні калектывам?

— Іх у мяне не так і многа. Галоўнае — паважліва ставіцца да падначаленых. Жывём у напружаны час. У калектыве цікавяцца пра мае адносіны да падзей, што адбываюцца ў суседняй з намі краіне. Шчыра дзялюся думкамі, настройваю людзей на стваральную працу. Толькі разам здольны пераадольваць складаныя сітуацыі.

З дзяцінства мяне выхоўвалі быць адданым справе, сям'і, Бацькаўшчыне. Такімі хачу бачыць сына і дачку. Толькі ў роднай краіне можна паспяхова самарэалізавацца. Каб шчасце не мінала цябе, варта мацаваць яго добрымі справамі. У канцы кожнага дня аналізую, што карыснага зрабіў для людзей.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Цяжка вызначыць. Нялішне больш стрыманым быць. Часам успыхваю, але зло не трымаю ў сабе. Разумею простую ісціну: у любой сітуацыі не гарачыся, тады і прабачэнні не патрэбны. Але такі характар: надта ўсё блізка прымаю да сэрца. А гэта не бясследна для здароўя.

— Што больш усяго цэніце ў чалавеку?

— Праўдзівасць і шчырасць. Калі табе хлусяць, цяжка зарыентавацца і прыняць правільнае рашэнне. З прыемнасцю магу адзначыць, што ў жыцці мне шчасціла на чалавечую дабрыню. У мяне цудоўная сям'я. Жонка працуе ў эканамічным аддзеле райвыканкама. Радуе сэрца, што сумленнымі растуць дзеці.

— Дзе бавіце вольны час?

— Яго амаль што няма, не хапае сутак, каб з задуманым справіцца. А калі выпадае які дзянёк-другі, любім з сям'ёю павандраваць. Наша Беларусь багатая на цудоўныя краявіды. На запаведнікі, рэкі і азёры, гістарычныя мясціны. Непадалёку ад нас Белавежская пушча, а побач з ёю легендарная Брэсцкая крэпасць-герой. У Год гістарычнай памяці грэх не наведаць святыні, каб больш грунтоўна ведаць агульную гісторыю. Кожны абавязаны вывучаць мінулае свайго краю. Шмат карыснага і павучальнага дае кожная вандроўка. Беларусь — краіна замкаў: яны захаваліся ў розных яе кутках. Нядаўна з сям'ёю наведалі мястэчка Гірвяты, што на Віцебшчыне. Уразіў будынак унікальнага касцёла, культура мясцовых жыхароў.

Спадзяваюся, што жыццё падорыць яшчэ шмат цікавага. Удзячны лёсу за тое, што здзейснілася мая запаветная мара стаць кіраўніком гаспадаркі. Памятаю, як дзяліўся ёю з дзядулем Аляксандрам Васільевічам. Часта бачымся. Ён цікавіцца справамі ў гаспадарцы, радуецца нашым поспехам. Адчуваю цяпло сям'і, павагу ад падначаленых. Усё гэта і стварае сапраўднае шчасце. Імкнуся мацаваць яго справамі і нічога лепшага за працу на зямлі не ўяўляю.

Владимир СУББОТ.
subbat50@mail.ru

Фото: Владимир СУББОТ.

Источник – сайт газеты «Сельская газета», 20.08.2022 г.

сми