тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь

25.02.2022

«Любіць прызначана мне лёсам…»

Пад такой назвай 24 лютага ў чытальнай зале акадэмічнай бібліятэкі імя Д. Р. Новікава адбыўся вечар памяці, прысвечаны 65-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова.

Алесь Уладзіміравіч Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў в. Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў карэспандэнтам Касцюковіцкай раённай  газеты, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, рэдактарам аддзела навукі і мастацтва, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, галоўным рэдактарам “ЛіМа” і часопіса “Вожык”. З 1984 года – сябра Саюза пісьменнікаў. З 1990 да 1997 год быў намеснікам яго старшыні. Лаўрэат  прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Аўтар кніг паэзіі “Белы камень”, “Чытаю зоры”, “Заўзятары”, “Планіда”, “Ласуны-весялуны”, “Вершы”, “Журавель над студняй”, “Я не памру, пакуль люблю…”, “Мы з братам”.

Вершы Алеся Пісьмянкова надзвычай душэўныя, прачулыя і шчымлівыя. Яны эмацыйна насычаныя і прытым выключна ёмістыя і лаканічныя. Кожнае слова змяшчае ў сабе глыбокі сэнс, што надае вершу філасофскую напоўненасць. “Паэты з уласнай практыкі ведаюць, – казаў Алесь, – што вершы не пішуць, вершы думаюць, вершы выношваюць і толькі потым запісваюць. Я ніколі не пісаў вершы – я іх думаў”.

Шчырай, душэўнай, даверлівай размовай з чытачом стала пасмяротная кніга Пісьмянкова “Думаць вершы…”, якая выйшла з друку ў 2005 годзе. У кнігу ўвайшлі вершы паэта, празаічныя творы-эсэ, якія нагадваюць дзённікавыя запісы, а таксама ўспаміны ўсіх, хто ведаў і любіў Алеся Пісьмянкова, і вершы-прысвячэнні. У адным з артыкулаў Алесь піша: “Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там, дзякуючы прысутнасці знакамітай акадэміі, нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць слаўная спадарыня Гісторыя”.

Алесь Пісьмянкоў часта бываў у нашым горадзе, сустракаўся са студэнтамі, школьнікамі, паэтамі. Аповед аб жыццёвым і творчым шляху паэта, адметнасці яго мастацкіх твораў суправаджаўся вершамі, якія дэкламавалі ўдзельнікі клуба творчай моладзі “Дэбют”. Гучалі ўспаміны былога дырэктара Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, ганаровага прафесара БДСГА Уладзіміра Ліўшыца (зараз жыве ў Ізраілі), прафесара кафедры сельгасмашын паэта Аляксандра Клачкова. Уражлівымі і запамінальнымі былі выступленні галоўнага бібліятэкара БДСГА Марыі Студнёвай, педагога-арганізатара аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Людмілы Дзеружковай і пісьменніцы Святланы Варухінай. Людміла Мікалаеўна расказала пра свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, якое кожныя два гада праходзіць на Касцюкоўшчыне – радзіме гэтага славутага паэта, аб актыўным удзеле ў гэтым свяце студэнтаў нашай акадэміі. Пісьменніца Святлана Варухіна, член народных літаратурных аб’яднанняў “Парнас” і “Роднае слова”, адзначыла: “Лірыка гэтага паэта мяне асабліва кранула, бо мае глыбокі філасофскі сэнс. Яго вершы вяртаюць нас да маральных каштоўнасцяў, без якіх чалавецтва не зможа далей існаваць”.

На мерапрыемстве прысутнічалі бібліятэкары, студэнты, слухачы Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Паэта сёння няма з намі, але засталася яго сапраўдная, жыццясцвярджальная паэзія, якую ён дарыў нам на радасць і шчасце, каб мы ў цяжкія хвіліны не забывалі пра самае светлае і добрае на зямлі.

Гардзеева Вікторыя, кіраўнік клуба творчай моладзі “Дэбют”, бібліятэкар II катэгорыі аддзела гуманітарна-асветніцкай працы бібліятэкі ім. Д. Р. Новікава УА БДСГА

Фота Аляксандра Гурыкава

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти

Вечер памяти