тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь

21.11.2019

Прэзентацыя кнігі Святланы Ластачкінай

 19 лістапада ў Цэнтры студэнцкай мастацкай творчасці Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылася прэзентацыя зборніка прозы дацэнта кафедры кадастра і зямельнага права землеўпарадкавальнага факультэта, члена народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Святланы Ластачкінай “Вера создаёт реальность”. На сустрэчу з таленавітай пісьменніцай прыйшлі супрацоўнікі акадэміі, студэнты, калегі па пяру, прыхільнікі творчасці аўтара.

Родам  Святлана Ластачкіна з вёскі Цёмны Лес Дрыбінскага раёна. У 1998 г. скончыла геаграфічны факультэт БДУ. З 2006 года яе прафесійная дзейнасць звязана з нашай акадэміяй. Тут, пасля заканчэння аспірантуры ў 2009 г. працавала асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедры геадэзіі і фотаграмметрыі, з 2017 года  – дацэнтам кафедры кадастра і зямельнага права. У 2012-м скончыла курсы тэлевядучых пры  цэнтры  дадатковай  адукацыі ў БДПУ ім. М. Танка, прайшла стажыроўку ў Еўрапейскай  майстэрні шоу-бізнеса пры кампаніі “Майстар”, здымалася ў мастацкіх тэлесерыялах на кінастудыі “Беларусьфільм”, двойчы ўдзельнічала ў здымках тэлеперадачы “Беларускія  вячоркі”. Неаднаразова была госцем студыйных запісаў АНТ.

Выкладчыцкую працу і навуковую дзейнасць Святлана Ільінічна плённа спалучае з літаратурнай творчасцю. Яе апавяданні і нарысы  неаднаразова друкаваліся на старонках абласной газеты “Зямля і людзі”, у газеце “Савецкая вёска”, былі ўключаны ў альманахі “Славянская лира”, “Золотой колос”, у  літаратурныя зборнікі “На крылах натхнення”, “Дарогі памяці жывыя…”. Яна лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Белая акация”, абласнога  – “Скарынавай душой узлашчанае слова”, раённых літаратурных  конкурсаў “Зямлі маёй чароўныя напевы”,  “Дарогі памяці жывыя…” і інш.

Па  словах  члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Уласенкі, творы прадстаўленыя ў кнізе (навелы, апавяданні, эсэ), схіляюць чытача  да сур’ёзных  разважанняў.  Тут кожны сюжэт, лёс асобнага чалавека мазаічна складваюцца ў цэласную гісторыю грамадства, асобнага народа. Сіламі літаратурнага таленту, сродкамі мастацкага слова аўтар неназойліва падводзіць чытача да роздуму над пражытым, над знаходкамі і стратамі, уцягвае  яго ў тайны быцця, у душэўны свет свайго нярэдка лірычнага  героя.

Атмасферу жывога суперажывання стварылі ўдзельнікі народнага студэнцкага тэатра-студыі “Парадокс” (кіраўнік Валянціна Маркевіч). У іх выкананні былі прадстаўлены ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніцы:  “Дорога к отчему  дому”, “Колыбель забытых истин”, “Быть или не быть?”; у выкананні  студэнткі клуба “Дэбют” (кіраўнік Марыя Студнёва) Сабрыны Гаранскай  прагучаў верш Святланы Ластачкінай, прысвечаны малой радзіме.

Добрым музычным дапаўненнем да сцэнічных аўтарскіх твораў сталі  выступленні вучняў дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі Елізаветы Мануленка і Аляксандра Шляхціцава, педагога гэтай установы Наталлі Краснаслабодцавай.

Цёплыя, шчырыя словы ў адрас Святланы Ластачкінай  выказала начальнік упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю  Іна Рындзіна, якая адзначыла актыўны ўдзел пісьменніцы ў літаратурных форумах і конкурсах. Пра шматграннасць таленту і вялікую працаздольнасць Святланы Ільінічны гаварылі доктар эканамічных навук, прафесар кафедры кадастра і зямельнага права Васіль Свіцін і доктар  сельскагаспадрчых навук, прафесар кафедры сельскагаспадарчай біятэхналогіі, экалогіі  і радыялогіі  Вадзім Вераб’ёў.

Павіншаваць Святлану Ластачкіну прыехалі яе землякі: дырэктар Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі Святлана Верам’ёва, бібліятэкар Цемналескай бібліятэкі-філіяла Алена Шэвардова, загадчыца аддзела абсугоўвання і інфармацыі Тамара Салтанава.  Яны адзначылі, што творы іх зямлячкі актыўна выкарыстоўваюцца ў рабоце бібліятэк Дрыбінскага раёна, і ад імя начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама Марыны Сакаловай уручылі віноўніцы ўрачыстасці падзячны ліст і падарункі.

Удзельнікі народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”  – член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук і паэт Аляксандр Ведзянееў на  чале з кіраўніком  Людмілай Дзеружковай – таксама адрасавалі аўтару добрыя словы і пажаданні, уручылі ёй падарунак і кветкі.  Так, Наталля Ніканчук выказала  ўражанне пра кнігу, якую ўважліва прачытала ад коркі да коркі, каб раскрыць для сябе спецыфіку яе творчасці,  пабачыць унутраны свет яе герояў, адносіны да рэчаіснасці. Яна  спынілася на канкрэтным творы – “Дорога к отчему дому”, адзначыла мастацкія асаблівасці, прывяла канкрэтныя прыклады ўдалых вобразаў і параўнанняў. Аляксандр Ведзянееў  прысвяціў ёй верш:

     Сегодня праздник у Светланы,

     Ведь книга – это результат

     Её трудов столь доложданный,

     Так пусть же лучшей из наград

     Любовь читателей ей будет,

     А не подарки, не цветы.

     Нужнее, чтоб читали люди,

     А значит меньше трат пустых.

У якасці музычных падарункаў прагучалі песні ў выкананні саліста народнай вакальнай студыі “Золак” Цэнтра студэнцкай мастацкай творчасці БДСГА Аляксандра Бяняша (кіраўнік Святлана Патупчык) і народнага акадэмічнага хора “Спадчына” (кіраўнік Ірына Шаўчук).

Напрыканцы святочнага вечара Святлана Ластачкіна падпісала свае кнігі акадэмічнай і раённай бібліятэцы ім. М. Гарэцкага, Дрыбінскай і Цемналескай бібліятэкам, горацкаму музею, іншым удзельнікам гэтага мерапрыемства і падзякавала ўсім, хто дапамагаў яго рыхтаваць. Асаблівую падзяку яна выказала супрацоўнікам акадэмічнай бібліятэкі Марыі Студнёвай і Людміле Шаршнёвай, кіраўніку тэатра-студыі “Парадокс” Валянціне Маркевіч і ўручыла ім кветкі. Мерапрыемства доўжылася дзве гадзіны, але, па рэакцыі аўдыторыі, зусім не зацягнулася – яно атрымалася жывым і па-сапраўднаму шчырым і светлым, і, мяркую, пакінула самыя добрыя ўражанні ў прысутных.

 

Людміла Дзеружкова, педагог-арганізатар  упраўлення па ВРМ