тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
05.12.2017

Вынікі сустрэчы з А.А. Сушай

30 лістапада 2017 года ў бібліятэцы імя Д.Р.Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылася творчая сустрэча з вядомым скарыназнаўцам, культуролагам, кнігазнаўцам, намеснікам дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам  Аляксандравічам Сушай, якая якраз супала з падвядзеннем вынікаў працы сумеснага праекта Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”, які быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і арганізаваны намаганнямі дзвюх бібліятэк – раённай бібліятэкі імя М.І. Гарэцкага і бібліятэкі акадэміі, які  дзейнічаў на працягу ўсёй восені.

На сустрэчы з А.А. Сушай і падвядзенні вынікаў працы праекта прысутнічалі супрацоўнікі дзвюх бібліятэк нашага горада, удзельнікі народных літаратурных аб’яднанняў “Парнас” і “Роднае слова”, студэнты акадэміі.

Алясандр Аляксандравіч вельмі глыбока займаецца вывучэннем лёсу і спадчыны Францыска Скарыны, з’яўляецца аўтарам некалькіх манаграфій, яму прысвечаных,  адзін з арганізатараў шырокага святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Прысутныя пачулі цікавы і змястоўны расказ аб тых шматлікіх і рознапланавых мерапрыемствах, якія прайшлі ды яшчэ і праходзяць па усёй  Беларусі і за яе межамі да юбілею кнігадруку, аб праектах Нацыянальнай бібліятэкі па захаванню спадчыны нашага першаасветніка, па выкарыстанню вобраза Ф.Скарыны ў нашым паўсядзённым жыцці. Кульмінацыйным момантам сустрэчы стала перадача 23 факсімільных кніг Францыска Скарыны  ад Нацыянальнай бібліятэкі бібліятэцы Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Прарэктар па выхаваўчай рабоце Максім Валянцінавіч Патапенка, які прымаў кнігі, шчыра падзякаваў Аляксандру Аляксандравічу за такі шчодры падарунак.

У другой частцы мерапрыемства былі падведзены вынікі працы праекта “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”. Было адзначана, што на працягу працы праекта разам з клубам творчай моладзі “Дэбют”, кафедрай рускай і беларускай моў былі арганізаваны і праведзены  літаратурна-музычныя кампазіцыіі, прысвечаныя 135-годдзю народных паэтаў Беларусі  Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сумесна з  народным літаратурным аб’ядннем “Парнас” была арганізавана і праведзена прэзентацыя кнігі вучонага і паэта Аляксандра Віктаравіча Клачкова “Формулы жыцця”, адбыліся творчыя сустрэчы з членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзіяй Андрэевай, членамі народных літаратурных аб’яднанняў “Парнас” і “Роднае слова” Таідай Мікалаеўнай Рэдказубавай, Таццянай Аляксандраўнай Гаўрыленка.

Для студэнтаў і школьнікаў было арганізавана наведванне выставы “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі” і правядзенне на ёй куратарскіх і класных гадзін. Усяго з праектам пазнаёмілася   1091  чалавек, сярод якіх студэнтаў – 477, школьнікаў – 204. На культурна-асветніцкіх мерапрыемствах прысутнічала 420 чалавек.

На сустрэчы былі падведзены і вынікі віктарыны “Кніжная мудрасць стагоддзяў”, якая праходзіла ў межах праекта.

Місію адзначыць удзельнікаў віктарыны ўзялі на сябе рэдакцыі газет “Горацкі веснік” і “УзГорак”, якія, акрамя інфармацыйнай падтрымкі, выступілі яшчэ і спонсарамі пры ўзнагароджванні удзельнікаў  нашай віктарыны.

Аўтарам трох дакладных і поўных адказаў (Блахіна Анжэла Міхайлаўна, Кавалёва Ірына Васільеўна, Трацякова Тацяна Дзмітрыеўна),  якія першымі па даце трапілі ў бібліятэку, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Горацкі веснік” Наталля Васільеўна Сцепянкова ўручыла падпіску на I квартал 2018 года, запісныя кніжкі і ручкі.

Рэдактар газеты “УзГорак” Галіна Дзмітрыеўна Будная ўзнагародзіла астатніх удзелнікаў віктарыны сваімі фірменнымі сумкамі, штодзённікамі з лагатыпам газеты і інфармацыйнага рэсурса “horki.info” (Дарэчы, сярод узнагароджаных былі і тры студэнты акадэміі – нашы віншаванні Падалянчыку Івану, Рашкевічу Аляксею, Коржычу Аляксею!).

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі выказалі спадзяванне і надалей падтрымліваць цесную сувязь з бібліятэчнымі ўстановамі горада. 

У сваіх выступленнях кіраўнікі бібліятэчных устаноў Ірына Анатольеўна Пачэкіна, Ларыса Іванаўна Кухарава падкрэслілі важнасць правядзення сумесных праектаў для арганізацыі больш змястоўнай   працы і больш шырокай прапаганды кнігі.

Ларыса Іванаўна выказала шчырую удзячнасць Аляксандру Аляксандравічу за яго удзел у мерапрыемстве, за перададзеныя кнігі, а таксама усім, дзякуючы каму праца праекта была насычанай і цікавай. Гэта  Ганна Іванаўна Малько, Лідзія Андрэева, Таіда Мікалаеўна Рэдказубава, Таццянна Аляксандраўна Гаўрыленка, а таксама рэдакцыі мясцовых газет,  кафедра рускай і беларускай моў, уручыла усім Падзякі і невялікія сувеніры.

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людміла Мікалаеўна Дзеружкова пазнаёміла з вынікамі абласнога літаратурнага конкурса “Скарынавай душой узлашчанае слова”, дыпломамі якога былі узнагароджаны Наталля Валянцінаўна Ніканчук (дыплом I ступені ў намінацыі “Паэзія”, дыплом II ступені ў намінацыі “Проза”) і Святлана Ільінішна Ластачкіна (дыплом I ступені ў намінацыі “Проза”).

Можна з упэўненасцю сказаць, што праект выканаў тыя задачы, якія на яго ўскладаліся – пазнаёміць студэнтаў і вучняў з гісторыяй беларускага кнігадрукавання і з лепшымі ўзорамі сучасных выдавецтваў нашай рэспублікі, успомніць імя славутага першадрукара Францыска Скарыны і асэнсаваць той унёсак, які ён зрабіў для нашай гісторыі і культуры.

Студнёва М.М., галоўны бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі УА “БДСГА” 

Фотаздымкi Міхаіла Ляўцова