тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
21.02.2023

Кнігі пра Максіма Гарэцкага (віртуальная выстава да 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка)

Спадчына Максіма Гарэцкага трывала займае пачэснае месца ў залатым фондзе беларускай класічнай літаратуры. І не толькі як дасканалы ўзор прыгожага пісьменства, скарб філасофскай думкі, што існуе па-за прасторай і часам. Напісаныя амаль стагоддзе таму кнігі Максіма Гарэцкага актуальныя і сёння. Уся яго творчасць прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры. Нацыянальная ідэя натхняла пісьменніка, абуджала яго думку і пачуццё, вызначала змест творчасці. Ён унёс каштоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры беларускага народа.

Аднак творчасць Максіма Гарэцкага, яго заслугі ў галіне развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры і культуры наогул па розных прычынах доўгі час не атрымлівалі належнай, сапраўды глыбокай і ўсебаковай ацэнкі. Толькі ў канцы 60-ых гадоў з’явілася першая больш-менш значная спроба пазнаёміць чытачоў з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, вызначыць асаблівасці яго светапогляду, мастацкага стылю і індывідуальнай манеры. Гэта было зроблена Дзмітрыем Бугаёвым у манаграфічным нарысе “Максім Гарэцкі” (1968).

Для вяртання пісьменніка на яго належнае месца ў беларускай літаратуры шмат зрабіў Алесь Адамовіч. У 1980 годзе выйшла з друку яго кніга “Браму скарбаў свах адчыняю”, прысвечаная даследаванню жыццёвага і творчага шляху класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, аналізу яго твораў.

Вялікую ролю ў вывучэнні розных аспектаў спадчыны Максіма Гарэцкага адыгралі Гарэцкія чытанні, гісторыя якіх пачалася на горацкай зямлі. Менавіта тут былі арганізаваны і праведзены першыя Гарэцкія чытанні (1992 г.) і юбілейныя, да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага ў 1993 годзе. Яны далі штуршок для аб’яднання навукоўцаў і прыхільнікаў пісьменніка для творчага вывучэння ўсіх бакоў яго шматграннага таленту. 

Калі мы ўспамінаем даследчыкаў жыццёвага шляху Максіма Гарэцкага, нельга не успомніць Уладзіміра Маісеевіча Ліўшыца, краязнаўцу, пісьменніка, які і быў  ініцыятарам правядзення Гарэцкіх чытанняў у Горках. Шмат гадоў ён займаўся вывучэннем біяграфіі пісьменніка, вынікам гэтых даследванняў стала яго кніга “Сцежкамі Максіма Гарэцкага” (УА БДСГА, 2018), якая выйшла да 125-годдзя нашага таленавітага земляка.

Віртаульная выстава кніг “Шляхам жыцця Максіма Гарэцкага” з фондаў дзвюх бібліятэк (імя Д. Р. Новікава УА БДСГА і Цэнтральнай бібліятэкі імя М. І. Гарэцкага Дзяржаўнай установы культуры “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”) падрабязней пазнаёміць вас з тымі выданнямі, што прысвечаны творчасці Максіма Гарэцкага і яго трагічнаму жыццёваму шляху. Чытайце творы пісьменніка, чытайце кнігі аб ім – яны чакаюць вас у бібліятэках нашага горада!

 

 

М. Студнёва, галоўны бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай
работы бібліятэкі ім. Д.Р. Новікава УА БДСГА.