тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
06.02.2023

Да юбiлею Максіма Гарэцкага

18 лютага споўніцца 130 год з дня нараджэння Максіма Гарэцкага – класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытыка, літаратуразнаўца, лексікографа, пісьменніка арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомага прадстаўніка беларускай думкі, грамадскага дзеяча беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і нашага зямляка.

Нарадзіўся ён у суседнім, Мсціслаўскім раёне ў вёсцы Малая Багацькаўка і лёс яго быў вельмі цесна звязаны с Горкамі, акадэміяй. З 1909 па 1913 год Максім Гарэцкі вучыўся  ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, а  у 1926–1928 гадах  працаваў у Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі спачатку дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.

18 ліпеня 1930 года яго арыштавалі па абвінавачванню за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі.” Вінаватым ён сябе не прызнаў, тым не менш быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Пасля яе адбыцця М. Гарэцкі у Смаленску атрымаў накіраванне на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў пасёлак Пясочня. У 1937 годзе М. Гарэцкі па даносе быў арыштаваны другі раз. 6 лютага 1938 года ён быў прыгавораны да расстрэлу, які быў прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў горадзе Вязьма. 21 студзеня 1959 года прэзідыумам Калужскага абласнога суда М. І. Гарэцкі быў поўнасцю рэабілітаваны.

Трагічная смерць абарвала жыццё выдатнага пісьменніка, творчасць якога ўяўляе адну з найбольш змястоўных старонак беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальнай культуры.

У Горках і акадэміі ўшанавана памяць аб Максіме Гарэцкім. 18 лютага 1993 года, у час святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння, на чацвёртым корпусе акадэміі была адкрыта мемарыяльная дошка пісьменніку, у гэтым жа корпусе з 1992 года дзейнічае музей-кабінет М. Гарэцкага. Яго імя прысвоена раённай бібліятэцы і адной з вуліц Горак.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага супрацоўнікі бібліятэкі імя Д. Р. Новікава сельскагаспадарчай акадэміі і Цэнтральнай бібліятэкі імя М. І. Гарэцкага падрыхтавалі віртуальную выставу выданняў твораў пісьменніка “Скарбы Максіма Гарэцкага”, якія захоўваюцца ў фондах адной і другой бібліятэк, якую і прапануем вашай увазе. Прыемнага знаёмства!

Віртуальная выстава “Скарбы Максіма Гарэцкага”

Марыя Студнёва, галоўны бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы бібліятэкі ім. Д. Р. Новікава УА БДСГА