тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь

11.10.2019

Вайна ў сэрцы, памяці, кнігах

10 кастрычніка ў бібліятэцы імя Д. Р. Новікава акадэміі адбылася творчая сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўцам Віктарам Іванавічам Арцем’евым і ветэранам Узброеных Сіл Леанідам Уладзіміравічам Іскровым.

Віктар Іванавіч пазнаёміў прысутных са сваім жыццёвым шляхам, расказаў аб рознабаковай літаратурнай працы, якой займаецца амаль ўсё сваё жыццё.

Віктар Іванавіч сустрэў Вялікую Айчынную вайну падлеткам, і тое, што перажыў ён, яго сям’я, назаўсёды адбілася ў яго хлапчуковай памяці і легла ў аснову яго кніг “Радзішанскі летапіс вайны”, “Вайна на свае вочы”. “Выгнаннікі”, “Вайна ў кожнага была свая”. Гэтыя кнігі з’яўляюцца праўдзівым летапісам жыцця на акупіраванай тэрыторыі, сапраўдным літаратурным дакументам аб жахлівым жыцці людзей на захопленай немцамі тэрыторыі.

Акрамя ваеннай тэматыкі, Віктар Іванавіч даўно і плённа займаецца літаратурным краязнаўствам. У яго ёсць цэлы шэраг кніг, прысвечаных творчасці і лёсу паэтаў і пісьменнікаў Магілёўшчыны. Пісьменнік адзначыў, што піша ён толькі пра тое, што сам перыжыў ці добра ведае. Менавіта таму яго кнігі ўспрымаюцца, як шчырая і праўдзівая размова з чытачамі. Неабходна адзначыць, што ўсе свае кнігі Віктар Іванавіч дасылае ці перадае ў бібліятэку акадэміі, вялікая ўдзячнасць яму за гэта!

З цікавасцю студэнты слухалі і выступленне Леаніда Уладзіміравіча Іскрова (дарэчы, ураджэнца Горак), які 30 год свайго жыцця аддаў службе ў арміі. Ён піша прозу і вершы. Выйшлі з друку зборнік яго вершаў і балад “Судьбы не кляня” , зборнік вершаў і прозы “Отрада родного слова”. А кніга “Здравствуй, мама, я живой” расказвае аб магілёўскіх ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, аб партызанах, аб ветэранах працы, аб усіх, хто набліжаў нашу Перамогу. Леанід Уладзіміравіч прачытаў некалькі сваіх вершаў і іншых аўтараў, якія таксамы былі прысвечаны падзеям вайны.

Госці акадэмічнай бібліятэкі ў сваіх выступленнях таксама звярталі ўвагу моладзі на неабходнасць чытаць мастацкую літаратуру, на тое, што вельмі ўдумліва і разборліва трэба адносіцца да інфармацыі, якая падаецца электроннымі сродкамі.

Такія сустрэчы з людзьмі вялікага жыццёвага вопыту, з іх бачаннем многіх праблем нашага часу з вышыні свайго узросту і ведання жыцця, вельмі карысныя для маладых людзей, якія толькі пачынаюць будаваць сваё жыццё.

Пасля творчай сустрэчы фонд бібліятэкі зноў папоўніўся новымі выданнямі – кнігамі Л.У. Іскрова “Курсанты. Офицеры” і “Отрада родного слова”.

Сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі будуць праходзіць у бібліятэцы і надалей. Сачыце за нашай рэкламай!

Студнёва Марыя,
галоўны бібліятэкар аддзела
гуманітарна-асветнай работы бібліятэкі УА БДСГА