тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
29.01.2020

Творчы вечар Лідзіі Андрэеўны Мініч

Справамі і ведамі рабіць людзям дабро…”

1 лютага ў 12.00 у Дзіцячай школе мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі адбудзецца творчы вечар паэтэсы, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў, выпускніцы і былога супрацоўніка  Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Лідзіі Андрэеўны Мініч.

Лідзія Андрэеўна Мініч (паэтычны псеўданім Лідзія Андрэева) нарадзілася 22 студзеня 1940 г. ў в. Рэкта Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Са срэбраным медалём скончыла СШ №3 г. Клімавічы. Пасля заканчэння школы адзін год працавала цялятніцай.

У 1959–1964 гг. вучылася на зоатэхнічным факультэце Беларускай сельгаскадэміі (зараз факультэт біятэхналогіі і аквакультуры).

З 1964 па 1966 гг. працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі г. Горкі.

У 1969 г. скончыла аспірантуру ў БСГА пры кафедры развядзення сельскагаспадарчых жывёл. Працавала ў акадэміі асістэнтам, навуковым супрацоўнікам, старшым выкладчыкам, дацэнтам. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Паралельна з вучэбным працэсам вяла навуковыя тэмы па кармленні і развядзенні сельскагаспадарчых жывёл. У перыяд выкладчыцкай дзейнасці пастаянна займалася навукай – распрацоўкай методык па ўдасканаленні выкладання практычнага курса “Развядзенне сельскагаспадарчых жывёл”.

Міністэрствам сельскай гаспадаркі ўзнагароджана дыпломамі як пераможца выкладчыцкага майстэрства сярод вышэйшых і сярэдніх вучэбных устаноў рэспублікі (1994, 1998).

Выбіралася дэпутатам Горацкага гарадскога Савета (1990). У складзе прафкама акадэміі была членам прэзідыума, адказвала за культурна-масавы сектар. Студэнты-дыпломнікі Лідзіі Андрэеўны адзначаны дыпломамі НТТ СССР за глыбіню і навізну даследванняў.

З 2009 па 2011 гг. Л. А. Мініч была старшынёй кааператыва “ЖСК-8”. У 2010 і 2011 гг. шматкватэрны дом, дзе пражывала паэтэса, быў прызнаны лепшым у раёне і ўзнагроджаны дыпломам 1-й ступені.

Пасля выхаду на пенсію (1999 г.) Лідзія Андрэеўна прысвяціла сябе літаратурнай творчасці, якая стала неад’емнай часткай яе жыцця.

Першыя вершы на рускай  і беларускай мовах былі надрукаваны ў 1999 г. пад псеўданімам Лідзія Андрэева ў раённай газеце “Ленінскі шлях”.

З 2003 г. паэтэса з’яўляецца членам народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” ДУК “Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”. У 2013 г. Л. А. Мініч прынялі ў рады ГА  “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Лірыка паэтэсы вызначаецца шматграннасцю тэм і матываў, глыбокім зместам і тонкім лірызмам. Яна аўтар 12 паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей: “Спешу сказать” (2005), “Жыватворная крыніца” (2007), “Споведзь” (2009), “Мая сям’я ад А да Я” (2010), “На хвалях вечнасці” (2012), “І боль, і мары, і любоў” (2013), “У сваім краі, як у раі” (2015), “Цвіла каліна” (2015), “Ніці” (2017), паэмы пра Горкі “Тут росы бялей…” (2018), “Атожылкі” (2019), зборніка перакладаў “Сугучнасць душ… Сугучнасць слоў” (2019).

Творы Л. А. Мініч атрымалі дастойную адзнаку прафесійных літаратараў і друкуюцца на старонках газет “Зямля і людзі”, “Горацкі веснік”, у часопісе “Вожык” і інш. Яе вершы змешчаны на старонках альманахаў “Брама”, “Славянская ліра” , “Акадэмічны вянок”, “Под небом рязанским”, у калектыўных зборніках народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”, у кнізе “У краі бярозавых гаёў”.

Чытаючы вершы Лідзіі Андрэевай, адчуваеш, як вее на цябе родным подыхам спелай збажыны, шэптам запаветнай крыніцы, чароўным пахам веснавых кветак. Разумееш і тое, што напісаны яны на аснове глыбокіх разважанняў аб жыцці і аб лёсе роднага краю. За плячыма аўтара доўгі і цікавы жыццёвы шлях. Менавіта таму і творы яе – гэта самараскрыццё душы, жаданне перадаць у словах набалелае, пераасэнсаваць перажатае і наогул пражытае.

Шмат вершаў паэтэса прысвяціла горацкай зямлі, прадпрыемствам горада, нашай акадэміі:

У гэтым кутку Беларусi,

Якiм я заўжды ганаруся,

Жыве мая аlma  mater.

Ёй нiзка за ўсё пакланюся.

 

І песня раздольна пальецца,

Падзякай з палёў адзавецца:

Красуй, акадэмія наша!

Няхай табе добра жывецца!

(Сустрэча з  аlma  mater)

Лейтматывам творчасці і культурна-асветніцкай дзейнасці Л.А.Мініч з’яўляецца любоў да вялікай і малой радзімы, роднай мовы і культуры, павага да чалавека і чалавека працы  ў асаблівасці.

Лідзія Андрэеўна Мініч – актыўная ўдзельніца рэспубліканскага свята “Дзень беларускага пісьменства” (г. Шклоў, 2007, Быхаў, 2013), міжнароднага літаратурнага форуму “Славянская ліра” (г. Мінск, 2017, 2018), рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” (г. Касцюковічы, 2011, 2012, 2013, 2014), раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў “Працуй і спявай, наш Горацкі край” (2008). Пераможца міжнародных літаратурных конкурсаў “Славянская ліра” (2017, 2018) у намінацыі “Мастацкі пераклад” (дыпломы фіналіста і 3-й ступені), лаўрэат у трох намінацыях 15-га фестывалю-конкурсу “Под небом рязанским-2018”, раённых і акадэмічных літаратурных конкурсаў; пераможца абласнага этапу XI рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2019” у намінацыі “Духоўнасць і культура” Магілёўскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Звыш трыццаці твораў паэткі пакладзена кампазітарамі на музыку, і гучаць гэтыя песні на рэспубліканскіх, абласных і раённых канцэртах у выкананні лепшых салістаў.

Аб духоўным і патрыятычна-выхаваўчым значэнні твораў Л. А. Мініч сведчыць і тое, што вельмі часта яе запрашаюць на літаратурныя  сустрэчы ў школы і студэнцкія аўдыторыі.

Творчая дзейнасць Лідзіі Андрэеўны садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы і культуры, патрыятычнаму і маральнаму выхаванню дзяцей і моладзі.

Людміла Дзеружкова, педагог-арганізатар упраўлення па ВРМ