тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
06.03.2018

“Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця” (да 125-годдзя з дня нараджэння М. І. Гарэцкага)

1 сакавіка 2018 года ў музеі-кабінеце М. Гарэцкага, што знаходзіцца ў аўдыторыі 199 вучэбнага корпуса 4 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліўшыца “Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця” (да 125-годдзя з дня нараджэння М. І. Гарэцкага).

Гарэцкі Максім Іванавіч (1893–1938) – класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай прозы, крытык, літаратуразнаўца, лексікограф, мастак арыгінальнага, самабытнага таленту, вядомы прадстаўнік беларускай думкі, грамадскі дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і наш зямляк.

Спадчына Максіма Гарэцкага трывала займае пачэснае месца ў залатым фондзе беларускай класічнай літаратуры. І не толькі як дасканалы ўзор прыгожага пісьменства, скарб філасофскай думкі, што існуе па-за прасторай і часам. Напісаныя амаль стагоддзе таму кнігі Максіма Гарэцкага актуальныя і сёння. Уся яго творчасць прасякнута пачуццём любові да Радзімы, яе гісторыі, традыцый, нацыянальнай культуры. Нацыянальная ідэя натхняла пісьменніка, абуджала яго думку і пачуццё, вызначала змест творчасці. Ён унёс каштоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры беларускага народа.

Нарадзіўся Максім Іванавіч 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сям’і малазямельнага селяніна. Ён закончыў царкоўнапрыходскую школу ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, а потым – узорную двухгадовую школу ў Вольшы Аршанскага павета і там жа – настаўніцкія класы. Гэта дало яму права вучыць грамаце вясковых дзяцей.

У 1913 годзе Максім Гарэцкі закончыў навучанне ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы і пачаў працу ў Вільні ў губернскай чарцёжнай пры землеўпарадкавальнай камісіі. У 1916 годзе ён вучыўся ў Паўлаўскім пяхотным вучылішчы горада Петраграда.

Трэба дадаць, што сваёй самаадукацыяй Максім Іванавіч займаўся ўвесь час: ён шмат чытаў, слухаў лекцыі ў Віленскім універсітэце, у 1918–1919 гадах быў студэнтам першага курса Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута.

Асаблівае месца ў жыцці Максіма Гарэцкага займаюць тыя перыяды, якія звязаны з Горкамі і сельскагаспадарчай акадэміяй. Менавіта тут (аб гэтам было сказана вышэй) будучы пісьменнік атрымаў адукацыю ў каморніцка-агранамічным вучылішчы. У час вучобы ён далучыўся да літаратурнай дзейнасці, напісаў свае першыя творы, пасылаў свае допісы ў газету “Наша ніва”. У 1926–1928 гадах М. І. Гарэцкі працаваў у Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі спачатку дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры і гісторыі. Другі раз у Горкі ён прыехаў ужо вядомым пісьменнікам. Перыяд працы ў акадэміі быў вельмі плённым для пісьменніка: выйшлі яго кнігі “На імперыялістычнай вайне”, зборнік апавяданняў “У чым яго крыўда”. Але гэты спакойны і шчаслівы перыяд быў кароткім у жыцці М. Гарэцкага.

Да гэтага часу Максім Іванавіч працаваў у розных месцах: у 1913–1914 гадах – каморнікам на Віленшчыне; 1914–1917 гг. – быў у царскай арміі і ваяваў на Першай сусветнай вайне; 1918–1919 гг. – праца ў савецкіх газетах; 1919–1923 гг. – настаўнік у Віленскай беларускай гімназіі; 1923–1925 гг. – настаўнічаў у Мінску (рабфак, камвуз).

У жніўні 1928 года закончыўся тэрмін, на які М. Гарэцкі быў камандзіраваны ў Горкі. І з сярэдзіны верасня 1928 года ён ужо працаваў у Мінску ў Інстытуце навуковай мовы Інбелкульта. У сталіцы былі большыя магчымасці і для літаратурнай дзейнасці. Але Максіма Гарэцкага, як і многіх беларускіх пісьменнікаў, у трыццатыя гады напаткаў цяжкі лёс.

18 ліпеня 1930 года яго арыштавалі па абвінавачванні за ўдзел у кантррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі.” Вінаватым ён сябе не прызнаў, тым не менш быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Пасля адбыцця высылкі М. Гарэцкі пераехаў у Смаленск і атрымаў накіраванне на працу настаўніка рускай мовы і літаратуры ў пасёлак Пясочня. У 1937 годзе М. Гарэцкі па даносе быў арыштаваны другі раз. 6 лютага 1938 года ён быў прыгавораны да расстрэлу, які быў прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў горадзе Вязьма. 21 студзеня 1959 года прэзідыумам Калужскага абласнога суда М. І. Гарэцкі быў поўнасцю рэабілітаваны.

Трагічная смерць абарвала жыццё выдатнага пісьменніка, творчасць якога ўяўляе адну з найбольш змястоўных старонак гісторыі беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальнай культуры.

 

У Горках і акадэміі ўшанавана памяць аб Максіме Гарэцкім. 18 лютага 1993 года, у час святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння, на чацвёртым корпусе акадэміі была адкрыта мемарыяльная дошка пісьменніку, у гэтым жа корпусе з 1992 года дзейнічае музей-кабінет М. Гарэцкага. Яго імя прысвоена раённай бібліятэцы і адной з вуліц Горак.

Аб усім гэтым апавядае ў сваёй кнізе “Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця” (да 125-годдзя з дня нараджэння М. І. Гарэцкага) Уладзімір Маісеевіч Ліўшыц. У аўтара большая частка жыцця і творчай дзейнасці звязана з Горкамі, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Ён кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, ганаровы прафесар БДСГА, член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза журналістаў Беларусі. Апошнія гады Уладзімір Маісеевіч жыве ў Ізраілі, але часта бывае ў Горках, падтрымлівае творчыя сувязі з акадэміяй і народным літаратурным аб’яднаннем “Парнас”. Менавіта дзякуючы гэтым сувязям напярэдаднні юбілейнай даты з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, выйшла кніга Уладзіміра Ліўшыца.

Святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і  прэзентацыя кнігі былі падрыхтаваны кафедрай лінгвістычных дысцыплін, бібліятэкай ім. Дз. Р. Новікава і народным літаратурным аб’яднаннем “Парнас” УА БДСГА. Сцэнарый падрыхтавалі дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін Ганна Малько, старшы выкладчык кафедры Алена Сафронава і галоўны бібліятэкар бібліятэкі акадэміі Марыя Студнёва. Прэзентацыю падрыхтавалі дацэнт Ганна Малько і загадчык аддзела бібліятэкі Людміла Шаршнёва. Сваімі ўражаннямі аб кнізе падзяліліся рэдактары зборніка дацэнты кафедры лінгвістычных дысцыплін Таццяна Скікевіч і Вольга Зяньковіч, загадчык бібліятэкі акадэміі Ларыса Кухарава, бібліятэкар Горацкай раённай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага Алена Марозава, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Парнас” Андрэй Пугач. Прарэктар па выхаваўчай рабоце Максім Патапенка даў высокую адзнаку праведзенаму мерапрыемству і выказаў падзяку аўтару кнігі і арганізатарам прэзентацыі. 

Ганна Малько, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін, Андрэй Пугач, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Парнас”